БЕЛ Ł РУС

Беларускі футбаліст Ілля Шкурын падаў дакументы на атрыманне польскага пашпарта

28.11.2026 / 11:49

Nashaniva.com

Ілля ў гэтым сезоне адзін з найлепшых бамбардзіраў чэмпіянату Польшчы. А пры атрыманні польскага пашпарта можа стаць гульцом зборнай.

Адзін з найлепшых бамбардзіраў польскай Экстракласы (вышэйшага дывізіёна чэмпіянату Польшчы па футболе), беларус Ілля Шкурын, што гуляе ў гэтым сезоне за «Катавіцы», прэтэндуе на атрыманне польскага грамадзянства. Хоць падача дакументаў звязаная з больш складанымі прычынамі, тэарэтычна форвард мог бы стаць даступным для зборнай Польшчы, піша Przegląd Sportowy.

Форвард «Катавіцаў» забіў восем галоў у чэмпіянаце і дадаў да іх яшчэ два ў кваліфікацыі Лігі канферэнцый.

Беларус добра вядомы польскім заўзятарам ужо некалькі гадоў. Да пераходу ў сённяшні клуб ён таксама выступаў за «Ракуў» з Чэнстаховы, «Сталь» з Мелеца і варшаўскую «Легію», якая заплаціла за яго 1,2 мільёна еўра.

У сталічным клубе нападнік сутыкнуўся з праблемамі падчас замежных паездак праз палітыку Беларусі. Шкурын прапусціў матч супраць «Хіберніана» ў Шатландыі, бо не меў дакументаў, неабходных для выезду з Еўрапейскага саюза.

Па краінах ЕС ён падарожнічае з польскім праязным дакументам для замежніка (Polski Dokument Podróży dla Cudzoziemca), піша Onet.pl.

Згодна з беларускім заканадаўствам, пашпарт можна атрымаць толькі ўнутры краіны. Аднак 27‑гадовы футбаліст не можа вярнуцца ў Беларусь пасля таго, як у 2020 годзе падтрымаў у сацыяльных сетках пратэсты супраць Аляксандра Лукашэнкі.

Тады ён таксама адмовіўся выступаць за нацыянальную зборную і дагэтуль мае ў сваім актыве толькі матчы на юнацкім узроўні, хоць мог бы стаць адным з найбольш прыкметных гульцоў зборнай сваёй краіны.

Шкурын падаў адпаведныя дакументы і цяпер прэтэндуе на атрыманне польскага грамадзянства. Гэтую інфармацыю журналісты пацвердзілі ў атачэнні футбаліста.

Двухразовы ўладальнік Кубка Польшчы жыве ў краіне ўжо больш за тры гады і свабодна размаўляе па-польску.

Атрыманне грамадзянства дазволіла б яму бесперашкодна падарожнічаць, але тэарэтычна таксама зрабіла б яго даступным для зборнай Польшчы.

У гэтым сезоне ён забіў больш галоў, чым Кароль Чубак, якога разглядаюць у кантэксце нацыянальнай каманды, і Кароль Свідэрскі, якога выклікаюць у зборную.

Сярод польскіх футбалістаў у Экстракласе больш выніковы за яго толькі Патрык Макух з «Ракува», у якога дзевяць галоў.

Чытайце таксама:

Беларускі футбаліст Ілля Шкурын забіў тры галы і прынёс камандзе перамогу над віцэ-чэмпіёнам Польшчы

Гол Іллі Шкурына трапіў у афіцыйны акаўнт УЕФА

Каментары да артыкула