БЕЛ Ł РУС

Зяленскі пра ахвяр Галадамору: Успамінаць балюча. Прабачыць немагчыма

28.11.2026 / 15:20

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны ў сваім тэлеграм-канале згадаў ахвяр сталінскага Галадамору, што забраў у 1930‑я мільёны жыццяў. Сёння ў Кіеве прайшлі мерапрыемствы памяці, у якіх узялі ўдзел Уладзімір і Алена Зяленскія.

Тут і далей фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

«Успамінаць балюча. Прабачыць немагчыма. І наогул не існуе слоў, у якія можна было б укласці трагедыю болю і пакут, якія ўкраінцам давялося перажыць спачатку ў 1921, 1922, 1923 гадах. Потым — у найцямнейшыя 1932—1933 гады Галадамору-генацыду. І нарэшце — у 1946—1947 гадах голаду, калі здавалася, што пасля жахаў Другой сусветнай вайны такія злачынствы ўжо дакладна не павінны паўтарыцца.

Усё гэта аднолькава бязлітасна закранула і дзяцей, і жанчын, і мужчын. Мільёны невінаватых людзей, закатаваных і асуджаных таталітарнай сістэмай на галодную смерць. Бязлітасна і мэтанакіравана. За тое, што яны ўкраінцы.

Нянавісць і жаданне знішчыць украінскі народ — усё гэта Масква атрымала ў спадчыну і зноў зрабіла часткай сваёй палітыкі. Мы зноў бачым той самы расійскі намер сцерці Украіну і ўкраінцаў з твару зямлі, выкарыстоўваючы найбольш жорсткія метады, якія Крэмль за гады пасля Галадамору спакойна адпрацоўваў на нашым і іншых народах. І ўсюды на ўкраінскай зямлі, куды прыйшла Расія, цяпер няма жыцця.

І мы зноў супрацьстаім крамлёўскім нелюдзям, зноў абараняемся ад Расіі, якая абсалютна не змянілася і нясе ва Украіну і Еўропу смерць, бяду, татальную нянавісць і небяспеку ўсім свабодным народам. У гэтай барацьбе мы павінны быць адзінымі», — напісаў ён.

Уладзімір Зяленскі дадаў, што сёння а 16‑й гадзіне ў вокнах ва Украіне і паўсюль на планеце, дзе ёсць украінцы, будуць гарэць свечкі памяці — гэта будзе святло ў гонар усіх нявінных ахвяр Галадамору.

«Пакуль мы запальваем гэты агонь, успамін пра іх не згасне. Пакуль мы робім гэта, мы ведаем: нас хацелі знішчыць, замучыць, скарыць. Не змаглі. Ад нас хацелі схаваць праўду і назаўсёды замаўчаць страшныя злачынствы. Не змаглі. Нас хацелі заблытаць, увесці ў зман, зрабіць так, каб мы сумняваліся, не памяталі або прабачылі ім. Не змаглі. І не змогуць. Вечная памяць усім нявінным ахвярам!», — дадаў прэзідэнт Украіны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула