Ціханоўская далучылася да сустрэчы Жаночай палітычнай групы ў Варшаве
28‑29 лістапада ў Варшаве праходзіць першая афлайн-сустрэча Жаночай палітычнай групы, якая аб’ядноўвае прадстаўніц беларускіх дэмакратычных структур, палітычных партый і грамадзянскай супольнасці.
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Сёння да ўдзельніц сустрэчы далучылася Святлана Ціханоўская. Разам яны абмеркавалі гісторыю беларускага жаночага руху, ролю жанчын у палітычных працэсах з пачатку 1990‑х гадоў да сённяшняга дня, пераемнасць пакаленняў і досвед жаночага лідарства ў 2020 годзе, паведамляе яе прэс-служба.
«Беларускія жанчыны маюць вялікі досвед палітычнай дзейнасці. І не толькі з 2020 года. За намі — дзесяцігоддзі працы жанчын, якія змагаліся за незалежнасць Беларусі, за правы чалавека, за дэмакратычныя перамены. Сённяшняя сустрэча яшчэ раз паказала, колькі таленавітых і прафесійных жанчын працуе ў беларускіх дэмакратычных сілах. І вельмі важна, каб у будучай Беларусі нам не давялося нанова змагацца за тыя правы і магчымасці, за якія змагаліся пакаленні беларусак да нас», — зазначыла Святлана Ціханоўская.
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Цягам двух дзён удзельніцы таксама абмяркуюць:
— удзел жанчын у сучаснай беларускай палітыцы і бар’еры, з якімі яны сутыкаюцца;
— стварэнне супольнай платформы для прасоўвання інтарэсаў беларусак і ўзмацнення іх палітычнага ўплыву;
— агульныя каштоўнасці, прыярытэты і кірункі супрацоўніцтва;
— план супольных дзеянняў на найбліжэйшы год.
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай