БЕЛ Ł РУС

Малдова не будзе ўводзіць візы для беларусаў. Але толькі пакуль

28.11.2026 / 16:22

Nashaniva.com

Малдова, якая мае статус кандыдата на ўступленне ў Еўрапейскі саюз, пакуль не плануе ўводзіць візы для грамадзян Беларусі. Пра гэта 25 лістапада ў Кішынёве заявіў віцэ-прэм’ер і міністр замежных спраў Малдовы Міхай Папшой падчас сустрэчы з Дзянісам Кучынскім, дарадцам Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях, піша «Позірк».

Фота: vecteezy.com

Разам з тым у будучыні пытанне ўвядзення віз можа паўстаць у сувязі з прывядзеннем малдаўскай візавай палітыкі ў адпаведнасць з нормамі ЕС.

На сустрэчы бакі абмеркавалі магчымасць далейшага супрацоўніцтва, узаемную падтрымку на міжнародных пляцоўках і абмен досведам еўраінтэграцыі. Асобна закранулі досвед Малдовы ў зніжэнні эканамічнай залежнасці ад Расіі і агульныя выклікі для дзвюх краін.

Таксама ішла гаворка пра супрацоўніцтва з ініцыятывамі, якія працуюць з беларускай дыяспарай, абмен інфармацыяй і досведам, а таксама выкарыстанне напрацовак у гэтай сферы для развіцця беларуска-малдаўскіх сувязяў.

Раней пра тое, што Малдова можа ўвесці візавы рэжым для грамадзян шэрагу краін, якім для ўезду ў Еўрасаюз патрэбная віза, у тым ліку Беларусі і Расіі, заявіў прэм’ер-міністр Малдовы Васіле Тофан.

Чытайце таксама:

Малдова збіраецца далучыцца да еўрапейскіх санкцый супраць Беларусі

Урсула фон дэр Ляен прывяла Беларусь як прыклад, да чаго прыводзіць адмова ад еўраінтэграцыі

У Малдове адмянілі канцэрт беларускага музыкі ДзіДзюЛі пасля зваротаў украінскіх дыпламатаў

Каментары да артыкула