У нямецкім Ростаку замест жывой каляднай ёлкі ўпершыню зрабілі яе праекцыю. Гараджане абураныя
У нямецкім горадзе Ростаку сёлета ўпершыню не сталі ставіць вялікую жывую ёлку на галоўнай пляцоўцы каляднага кірмашу. Замест яе на гістарычную гарадскую браму Крэпелінер-Тор праецыруюць выяву дрэва вышынёй амаль 30 метраў, паведамляе Bild.
Арганізатары патлумачылі гэта ростам выдаткаў на ўстаноўку і абслугоўванне ёлкі. Паводле кіраўніцы муніцыпальнай кампаніі Großmarkt Rostock Інгі Кнопсе, у апошнія гады гэтыя выдаткі перавышалі 20 тысяч еўра.
Саму ёлку часта атрымлівалася знайсці бясплатна, але трэба было падабраць адпаведнае дрэва вышынёй каля 20 метраў, арганізаваць яго перавозку і ўстаноўку з дапамогай крана, атрымаць неабходныя дазволы і гарантаваць бяспеку. Пры моцным ветры, пачынаючы з сямі балаў, на пляцоўцы павінен быў дзяжурыць ахоўнік.
Рашэнне выклікала рэзкую крытыку гараджан. Некаторыя палічылі светлавую праекцыю няўдалай заменай традыцыйнай ёлцы. З-за вялікай колькасці абразлівых каментароў арганізатары нават часова адключылі магчымасць каментаваць допісы на старонцы каляднага кірмашу ў Facebook.
Паступалі і прапановы бясплатна даць ёлку і дапамагчы з яе перавозкай. Аднак нават у такім выпадку для ўстаноўкі дрэва былі б патрэбныя дадатковыя дазволы, падрыхтоўка і меры бяспекі.
Улады ўжо заявілі, што ў 2027 годзе ў Ростаку зноў з’явіцца сапраўдная калядная ёлка. Мэр горада Ева-Марыя Крэгер прызнала, што эксперымент з праекцыяй аказаўся няўдалым.
Чытайце таксама:
У Dana Mall з'явілася навагодняя інсталяцыя
У Віцебску паставяць спеўную навагоднюю ялінку
У Англіі выкарыстаныя навагоднія ялінкі закопваюць на пляжах. Навошта?