БЕЛ Ł РУС

Украінскі камандзір сказаў, калі Расія пагодзіцца на спыненне баёў па лініі фронту

29.11.2026 / 08:52

Nashaniva.com

Камандзір Трэцяга армейскага корпуса, брыгадны генерал Андрэй Білецкі лічыць, што Украіне нельга выводзіць войскі з неакупаванай часткі Данбаса ў рамках мірных перамоў. У той жа час у выпадку працягу ўкраінскіх контрнаступальных аперацый Расія можа пагадзіцца на спыненне баявых дзеянняў па лініі фронту. Пра гэта заявіў Білецкі ў інтэрв'ю The Washington Post, піша «Украінская праўда».

Андрэй Білецкі. Фота: Трэці вайсковы корпус

Паводле слоў вайскоўца, выхад з Данбаса быў бы «непрымальным».

«Гэта стала б поўным крахам для прэзідэнта — ён гэта выдатна разумее — для ўрада і для самасвядомасці ўкраінцаў… Калі мы адступім, проста кінуўшы людзей і зямлю на волю лёсу, гэта стане маральным крахам для ўсёй нацыі. Украіна не можа пагадзіцца на здачу Данбаса», — сказаў ён.

Білецкі адзначыў, што «найбольш рэалістычнай прапановай» было б замарожванне вайны ўздоўж цяперашняй лініі фронту.

Паводле слоў брыгаднага генерала, інстытуцыйныя змены, якія забяспечылі поспех контрнаступальнай аперацыі «Вівальдзі», у выпадку іх укаранення ва ўсіх украінскіх узброеных сілах могуць прывесці да дасягненняў, здольных даць Украіне перавагу ў перамовах.

«Калі праз пяць-шэсць месяцаў стане відавочна, што Расія не толькі не наблізілася да поўнага кантролю над Данбасам, але і страчвае пазіцыі, тады можна будзе сур'ёзна разгледзець пытанне аб спыненні баявых дзеянняў па лініі фронту… Мы павінны прымусіць расіян усвядоміць, што іх мэта, якую яны ўжо звузілі, недасягальная», — сказаў ён.

Адказваючы на пытанне пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, Білецкі заявіў, што «толькі цалкам карумпаваныя людзі» могуць думаць пра палітыку ў той час, калі краіна вядзе «апакаліптычную бітву за выжыванне». Замест гэтага ён адзначыў, што яго прыярытэтам цяпер з'яўляецца дапамога ў рэфармаванні арміі.

«Нават калі б вайна спынілася, я хацеў бы і надалей удзельнічаць у гэтым, паколькі армія будзе галоўнай дзяржаваўтваральнай апорай краіны на працягу наступных 50 гадоў», — сказаў Білецкі.

Украінскія абаронцы ў рамках аперацыі «Вівальдзі» сарвалі спробы расіян абысці Данецкую вобласць праз Дабраполле і Барвінкава. Білецкі расказаў, што аперацыю «Вівальдзі» ўдалося захаваць у таямніцы, бо пра яе не паведамлялі ў афіцыйных справаздачах, а камандзір асабіста даваў справаздачу галоўнакамандуючаму.


Чытайце таксама:

Каментары да артыкула