«Колькі страт… І перад святамі». У Полацку на рынку быў моцны пажар
Увечары 28 лістапада на гарадскім рынку «Скарб» на вуліцы Францыска Скарыны ў Полацку здарыўся моцны пажар. Відавочцы публікавалі відэа пажару ў сацсетках.
Скрын відэа
Паводле паведамленняў у сацсетках, пажар тушылі некалькі гадзін. Аўтар тыкток-акаўнта «Смотрящий за Полоцком» расказваў пра значныя пашкоджанні будынка і дах, які амаль абваліўся.
«Вельмі шкада ўладальнікаў ралетаў», — напісала адна з відавочцаў.
«Колькі страт… Колькі людзей страцілі працу… І перад святамі… Жах», — каментуе іншая карыстальніца Threads.
У каментарыях людзі пыталіся, ці быў на рынку вартаўнік і ці спрацавала пажарная сігналізацыя.
«Першым, хто тушыў, быў ахоўнік, але загарэўся вялікі халадзільнік. Проста збег абставін», — адказаў аўтар акаўнта serezahlinski, які таксама апублікаваў відэа пажару.
Паводле яго слоў, «усе жывыя».
Прычына пажару і дакладны памер шкоды пакуль невядомыя.