Ціханоўскі: «Я не быў верным сем'янінам». Ён таксама расказаў, што Святлана ў першыя дні пасля вызвалення сказала яму, што не кахае яго
Па словах Сяргея Ціханоўскага, развесціся Святлана хацела яшчэ ў снежні 2019 года, а ў той год яны некалькі разоў разыходзіліся.
Сяргей Ціханоўскі. Скрыншот: А поговорить / Youtube
Сяргей Ціханоўскі даў інтэрв'ю расійскай блогерцы Ірыне Шыхман для ютуб-канала «А поговорить?». Расказаў ён і пра тое, як развіваліся яго адносіны са Святланай Ціханоўскай да 2020 года і пасля яго вызвалення.
Па словах Ціханоўскага, ужо ў першыя дні на волі Святлана сказала яму, што пачуццяў да яго ў яе няма.
Ціханоўскі кажа, што жонка тлумачыла гэта так: ён ніколі не бываў дома, увесь час ездзіў у камандзіроўкі і прыязджаў толькі на выхадныя раз на два тыдні.
Сам ён з гэтым не згодны. Па яго словах, бізнэс сапраўды займаў амаль увесь час, але ў адпачынак яны заўсёды ездзілі разам усёй сям'ёй.
Таксама Святлана, паводле яго слоў, сказала, што хацела з ім развесціся яшчэ ў снежні 2019 года.
«Яна з чамаданамі з'язджала на здымную кватэру»
Ціханоўскі прызнаў, што ў 2019 годзе ў іх быў крызіс. Па яго словах, Святлана нагадала яму пра гэта ўжо пасля вызвалення: тады яны разыходзіліся амаль на год ці паўтара.
«Я кажу: не памятаю. Відаць, у мяне выбарачная памяць, дрэннае я не памятаю, толькі добрае», — сказаў ён.
Ён расказаў, што сам казаў жонцы, што разам ім не быць і трэба разыходзіцца.
«Здымаў ёй кватэру, і яна з'язджала туды з чамаданамі. Такое было некалькі разоў. А праз нейкі час я разумеў, што не магу без яе жыць», — сказаў Ціханоўскі.
Абвінавачанні ў тым, што ён біў жонку і пагражаў забраць дзяцей, ён адмаўляе.
Пры гэтым прызнае, што ў сям'і апошняе слова заўсёды было за ім і што ён «энергетычна прыгнятаў» Святлану.
«Палюбоўніц, з якімі здымаў кватэры, не было»
На пытанне Шыхман, што ён меў на ўвазе, калі казаў, што паводзіў сябе з жонкай няправільна і таму пайшоў з ёй вянчацца, Ціханоўскі адказаў, што не быў верным мужам:
«Я не быў, давайце скажам, верным сем'янінам. Хоць я любіў сваю жонку. Яна бачыла, як у нас кажуць, каго брала».
Ён расказаў, што ў 2000‑х трымаў некалькі начных клубаў, жыў сярод вечарынак і канцэртаў, а сур'ёзных адносін да Святланы не меў ні з кім.
«Не тое каб у мяне былі палюбоўніцы, з якімі я здымаў кватэры. Але ідэальным мужам, верным мужам я не быў. Яна гэта ведала», — сказаў Ціханоўскі.
Па яго словах, усё змянілася, калі ён прыйшоў да веры. У 2016 годзе яны са Святланай павянчаліся. «Пасля вянчання я ёй ніколі не здраджваў — да таго моманту, калі яна разарвала адносіны», — заявіў ён.
«Хачу паспрабаваць іншыя адносіны»
Ціханоўскі кажа, што пасля яго вызвалення яны спрабавалі захаваць сям'ю. Святлана прылятала да яго ў Маямі, і там яны жылі як муж і жонка. Але ў чэрвені, па яго словах, Святлана сказала яму, што хоча паспрабаваць іншыя адносіны.
«Яна сказала гэта мне ў твар. І маё сэрца проста разбілася», — сказаў ён.
Ці збіраюцца Ціханоўскія афіцыйна разводзіцца, ён не сказаў. Па яго словах, пра гэта яны ніколі не размаўлялі. Але калі сям'і няма, лічыць ён, будзе правільна і сумленна гэтыя адносіны скончыць.