«За жыллё не плачу. Кормяць». Сяргей Ціханоўскі расказаў, на што жыве ў ЗША
Ён чакае ў ЗША візу талентаў: «Я не ведаю, які ў мяне талент, але нейкі дакладна ёсць».
Сяргей Ціханоўскі. Скрыншот: А поговорить / Youtube
Сяргей Ціханоўскі даў інтэрв'ю расійскай блогерцы Ірыне Шыхман для ютуб-канала «А поговорить?» і расказаў, на што жыве ў ЗША і якія ў яго там дакументы.
Па словах Ціханоўскага, амерыканскіх дакументаў у яго пакуль няма. Спачатку ён сказаў, што падаў дакументы і чакае. Калі Шыхман удакладніла, на што менавіта, адказаў: «Я скажу так, што я не падаў. Я чакаю грын-карту». Ён тлумачыць, што ў яго «трошкі ўнікальная гісторыя», бо ён быў не толькі палітвязнем, а і вядомым у Беларусі блогерам, палітыкам і «лідарам меркаванняў». Таму, кажа ён, для яго ў ЗША ёсць «пэўная праграма».
«Гэта таксама віза талентаў называецца, не?» — спытала Шыхман. «Можа быць, я не ведаю, які ў мяне талент, але нейкі талент у мяне дакладна ёсць», — сказаў Ціханоўскі.
Доўгі час, па словах Ціханоўскага, яму дапамагаў беларускі бізнэс у эміграцыі: «Некалькі бізнэсменаў скінуліся і дапамагалі мне аплачваць рахункі за жыллё, на першую неабходнасць». Ён удакладніў, што гэта былі грошы не аднаго чалавека.
Ціханоўскі кажа, што бізнэсмены хацелі хуткіх вынікаў. Яны разлічвалі, што ён адразу пачне выступаць у амерыканскіх медыя па-англійску «хаця б як Зяленскі» і раілі яму паступаць ва ўніверсітэт: «Сярога, трэба табе ісці ва ўніверсітэт».
Ён разглядаў стыпендыяльныя праграмы на паўгода ці год з аплатай жылля і стыпендыі. Па яго словах, прапановы былі ад універсітэтаў у Фларыдзе, Каліфорніі і ад Ельскага ўніверсітэта, дзе на такой праграме вучыўся Аляксей Навальны.
Па-англійску, прызнаецца Ціханоўскі, ён гаворыць дрэнна: «У турме ў мяне англійская была лепшая, чым на волі». Каля чатырох месяцаў ён хадзіў у моўную школу, але, па яго словах, гэта дало «мо пару працэнтаў». Да таго ж з ім у ЗША жылі дзеці: «Я не збіраўся браць дзяцей сюды. Так атрымалася, што ім не было дзе жыць». Ён кажа, што быў для іх «і тата, і мама, і няня» і размаўляў увесь час па-руску.
На пытанне, за што ён купляе ежу, Ціханоўскі адказаў:
«Беларусы дапамагаюць. Я жыву ў беларусаў».
Па яго словах, гэта людзі, з якімі ён пазнаёміўся пасля вызвалення, калі ездзіў па дыяспарах, і жывуць яны не ў кватэрах, а ў дамах. У Маямі і ў Лос-Анджэлесе ён займае асобныя пакоі з санвузлам і абодва разы зрабіў сабе студыю на гарышчы.
«За жыллё вы не плаціце?» — спытала Шыхман. «Не плачу». — «А прадукты на што купляеце?» — «Ну кормяць. У мяне засталіся нейкія грошы», — адказаў Ціханоўскі.
Ён расказаў, што нядаўна атрымаў больш за 30 тысяч еўра ад YouTube за рэкламу за 2020 год. Гэтыя грошы, па яго словах, былі замарожаныя, і цяпер ён траціць іх «вельмі эканомна». Яшчэ частку грошай яму аддалі ў ЗША беларусы: гэта быў даход ад яго прадпрымальніцкай дзейнасці, які яны паспелі зняць з яго рахункаў праз маці. З гэтай сумы, па яго словах, вылічылі выдаткі на перадачы ў турму і на юрыстаў.