Былая порнаактрыса Чычаліна збіраецца балатавацца ў мэры Рыма
75‑гадовая Ілона Шталер, вядомая пад сцэнічным імем Чычаліна, абвясціла пра намер удзельнічаць у выбарах мэра Рыма ў 2027 годзе. Былая порнаактрыса і экс-дэпутат італьянскага парламента заявіла, што хоча зрабіць сталіцу сучаснай і камфортнай для жыцця, піша BILD.
Чычаліна на мерапрыемстве ў Каралеўскім палацы Неапаля. Італія, 26 чэрвеня 2025 года. Фота: Teresa Biancorrosso / Getty Images
Пра свае планы Шталер расказала ў эфіры радыёстанцыі Rai Radio 1. Сярод прыярытэтаў будучай праграмы яна назвала рамонт разбітых дарог, павелічэнне колькасці дрэў і ўзмацненне прысутнасці паліцыі на вуліцах. Апошні пункт, паводле яе слоў, асабліва важны пасля таго, як у яе самой скралі валізу на рымскім вакзале.
Палітычны досвед у Чычаліны ўжо ёсць. У 1979 годзе яна ўдзельнічала ў выбарах ад экалагічнай партыі Lista del Sole, а ў 1987‑м была абраная ў італьянскі парламент ад Радыкальнай партыі. Там яна прапрацавала пяць гадоў. Падчас палітычнай кар'еры Шталер праславілася правакацыйнымі акцыямі і ініцыятывамі: у прыватнасці, прапаноўвала заняцца сэксам з Садамам Хусейнам у абмен на выкананне рэзалюцый ААН і адмову ад вайны. Адказу яна тады не атрымала.
Гэта ўжо не першая спроба Чычаліны заняць пасаду мэра Рыма. У 2013 годзе яна таксама збіралася балатавацца, але тады не прайшла папярэдні адбор кандыдатаў. Чарговыя муніцыпальныя выбары ў Італіі павінны прайсці ў наступным годзе.