Ціханоўскі: Старая апазіцыя гаварыла па-беларуску, таму яе не чулі, не разумелі, у яе не было аўдыторыі
Пераход Святланы Ціханоўскай на беларускую мову Ціханоўскі назваў «паказухай».
У інтэрв’ю для канала «А поговорить?» Ірына Шыхман спытала, чаму Святлана Ціханоўская перайшла на беларускую мову, а Сяргей працягвае гаварыць па-руску.
«Дык гэта наогул суцэльная паказуха. Яна інтэрв’ю і па-руску дае, і дома размаўляе па-руску», — абурыўся Ціханоўскі.
Журналістка заўважыла, што Святлана карыстаецца абедзвюма мовамі, але, напрыклад, яе допісы ў інстаграме цяпер толькі па-беларуску.
«Прыемна, што расіяне так перажываюць за нашу беларускую мову, — пакпіў Ціханоўскі. — Я не ведаю, можа, вашай аўдыторыі невядома, што 98% беларусаў размаўляюць па-руску. І руская — дзяржаўная мова Рэспублікі Беларусь».
На словы Шыхман, што беларуская стала мовай пратэсту, ён адказаў, што да свайго затрымання 29 мая 2020 года не бачыў яе заўважнага выкарыстання: амаль усе яго суразмоўцы гаварылі па-руску.
Ціханоўскі выступіў супраць адмовы рускай культуры праз дзеянні пуцінскага рэжыму. Ён нагадаў, што вучыўся на філфаку, вывучаў рускую мову і літаратуру.
«Для мяне пытанне ніколі не стаяла так: калі гаворыш па-руску, значыць, нібыта падтрымліваеш вайну. Я не падтрымліваю вайну», — сказаў ён.
Рускую мову Сяргей Ціханоўскі назваў «роднай мовай», на якой думае.
Паводле яго, у старэйшых класах і на пачатку ўніверсітэта ён меў беларускамоўнага сябра: яны размаўлялі па-беларуску і хадзілі на беларускамоўныя тэатральныя пастаноўкі. Але пасля той сябра «ўлез у палітыку» і з’ехаў у Польшчу, і беларускамоўных суразмоўцаў у асяроддзі не засталося.
«З кім мне размаўляць? Навошта мне прыкідвацца?» — спытаў Ціханоўскі.
Ён запэўніў, што падтрымлівае беларускую мову, але выбар рускай тлумачыць не толькі тым, што не валодае свабодна беларускай, але і маркетынгам: да аўдыторыі трэба звяртацца на мове, на якой ёй камфортна.
«Менавіта таму ў мяне была аўдыторыя і былі шанцы ў 2020 годзе. Уся наша старая, так бы мовіць, апазіцыя гаварыла па-беларуску, і яе не чулі, не разумелі, у яе не было аўдыторыі. А вакол мяне сфармаваліся і ядро, і аўдыторыя», — заявіў ён.
Тады Шыхман звярнула ўвагу на беларускі надпіс на яго світшоце.
Ціханоўскі патлумачыў: гэта мерч канала, які друкавалі на дзвюх мовах. Беларускамоўныя рэчы, паводле яго, добра прадаваліся, як і рускамоўныя. А ў яго проста засталася апошняя такая байка.
«А на майцы пад ёй у мяне напісана «Страна для жизни» па-руску», — дадаў ён.
Аднак Шыхман заўважыла, што і на майцы надпіс беларускі.
«Сур’ёзна? Можа, я не тую майку надзеў? У мяне ніколі не было майкі па-беларуску, — здзівіўся Ціханоўскі і дадаў: — Ну вось, бачыце, стаў беларусам, абеларусеў».
«Гэта выпадковасць. Выпадковасць. Тут няма ніякага сэнсу», — стаў запэўніваць ён, што беларускамоўны надпіс на ім выпадкова.