Правацэнтрысты перамагаюць на выбарах у Іспаніі. Новым прэм'ерам можа стаць Фейхоа
Ультраправая партыя «Вокс» мае ўпершыню ўвайсці ва ўрадавую кааліцыю, але галоўную ролю будзе адыгрываць традыцыйная правая Народная партыя.
Лідар Народнай партыі Альберта Нуньес Фейхоа перад апошнімі тэледэбатамі напярэдадні выбараў. Фота AP Photo/Francisco Seco
Народная партыя атрымлівае каля 131—136 мандатаў у 350‑мясцовай ніжняй палаце іспанскага парламента. Яшчэ 44—48 мае дастацца партыі «Вокс». Такім чынам, правыя, хутчэй за ўсё, атрымаюць большасць, якая дазволіць ім сфармаваць урад. Новым прэм'ерам-міністрам можа стаць лідар Народнай партыі Альберта Нуньес Фейхоа.
Такія вынікі дало сацапытанне агенцтва Sigma Doc, праведзенае для іспанскага тэлебачання RTVE.
Сацыялісты прэм'ера Санчэса застаюцца на тым жа ўзроўні, што і былі: 119—124 мандаты. Але моцна праваліліся іх партнёры з кааліцыі, блок крайніх левых. Ім прагназуюць толькі 10—11 месцаў.
Яшчэ каля 40 месцаў возьмуць партыі нацыянальных меншасцей, аўтаномій і рэгіёнаў.
«Вокс», як і іншыя еўрапейскія ультраправыя, выступаюць з пазіцый нацыянальнага эгаізму і за абмежаванне дапамогі Украіне — і беларусам, мабыць, таксама. Але наўрад ці яны будуць мець вырашальнае слова ў пытаннях замежнай палітыкі.