БЕЛ Ł РУС

З праспекта Незалежнасці ў Мінску прыбралі кадкі з дрэвамі

29.11.2026 / 23:56

Nashaniva.com

Але вернуць вясной.

Цяпер гэтыя дрэвы ў кадках адправілі на зімоўку. Фота: БелТА

З праспекта Незалежнасці ў Мінску прыбралі кадкі з дрэвамі. Іх перамясцілі на час зімы, каб зберагчы.

Намесніца гендырэктара «Мінскзелянбуда» Кацярына Кароткіна патлумачыла на СТБ, што гэта зрабілі, паколькі зімой дарогі пасыпаюць рэагентамі і яны могуць асядаць на ствалах і галінах дрэў, у тым ліку ў выглядзе кропельных завісяў.

Цяпер гэтыя расліны на базе «Мінскзелянбуда». 

«Мы прыбіраем тыя кветкі, якія ўжо адцвілі. У далейшым іх уцеплім — пакладзём хваёвыя лапкі каля каранёў. Так яны будуць зімаваць. А ў спрыяльны перыяд, вясной, арыенціровачна ў канцы сакавіка, гэтыя малыя архітэктурныя формы з зялёнымі насаджэннямі выставім назад на праспект Незалежнасці».

Спецыялістка дадала, што ў гарадскіх умовах дрэвы лепш выжываюць у такіх кадках, чым проста ў лунцы ў зямлі.

Пару гадоў таму падобныя кадкі паставілі каля стадыёна «Дынама» і Мастацкага музея. «І там зялёныя насаджэнні растуць добра. Ні адно не прапала, не высахла, не адпала. Практыка паказвае, што малыя архітэктурныя формы дазваляюць захаваць горад зялёным, асабліва ўздоўж вулічна-дарожнай сеткі, дзе часам адсутнічае магчымасць азелянення», — заўважыла Кацярына Кароткіна.

Чытайце таксама:

У Мінску на праспекце Пераможцаў масава ўцяпляюць дрэвы

Каментары да артыкула