БЕЛ Ł РУС

Зменшана колькасць ліцэнзаваных відаў дзейнасці

3.09.2010 / 9:22

Аднак скарачэнне не закранула выдавецкай і юрыдычнай дзейнасці.

Аднак скарачэнне не закранула выдавецкай і юрыдычнай дзейнасці.

У Беларусі з 1 студзеня 2011 года будзе скарочаны пералік відаў дзейнасці, што патрабуюць ліцэнзавання. Гэта прадугледжана ўказам № 450 «Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці», які 1 верасня падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, «у мэтах лібералізацыі ўмоў ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці» ўказам прадугледжваецца адмена ліцэнзавання 16 відаў дзейнасці, сем з якіх уключаюць у сябе 59 складнікаў работ (паслуг), а таксама каля 60 работ (паслуг) па іншых 13 відах дзейнасці, ліцэнзаванне якіх захоўваецца; аб’яднанне двух відаў дзейнасці ў адзін.

«Скасаванне патрабаванняў аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці і складнікаў іх работ (паслуг), аптымізацыя парадку і скарачэнне тэрмінаў здзяйснення ліцэнзійных працэдур, увядзенне комплекснага рэгулявання адносін у сферы ліцэнзавання, прадугледжаныя ўказам, забяспечаць зніжэнне адміністрацыйнай нагрузкі на дзейнасць суб’ектаў гаспадарання», — падкрэсліваецца ў каментары прэс-службы.

Як лічыць кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін, указ прэзідэнта № 450 дае чыноўнікам шмат магчымасцяў для далейшага ўдасканалення гэтай працэдуры.

«У цэлым указ уяўляе сабой значны крок наперад у галіне лібералізацыі інстытута ліцэнзавання прадпрымальніцкай дзейнасці. Яго бясспрэчнай вартасцю з’яўляецца значнае скарачэнне пераліку ліцэнзаваных відаў дзейнасці. Найболей прыкметныя з іх — гэта рознічны гандаль, за выключэннем некалькіх відаў, грамадскае харчаванне і будаўніцтва», — сказаў эксперт.

Разам з тым, зазначыў Сяргей Балыкін, захоўваецца ліцэнзаванне тых відаў дзейнасці, якія, на яго погляд, не варта ліцэнзаваць, напрыклад выдавецкай і паліграфічнай, адвакацкай дзейнасці і юрыдычных паслуг. Да вартасцяў указу Сяргей Балыкін аднёс тое, што цяпер у адным дакуменце сабраны ўсе патрабаванні, што прад’яўляюцца да суіскальнікаў ліцэнзіі. «На самай справе гэта вельмі зручна і выключае вузкаведамасны падыход да гэтага працэсу», — адзначыў ён.

Кіраўнік Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Георгій Бадзей і старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін таксама лічаць, што новы ўказ будзе станоўча ўплываць на бізнес-клімат у краіне.

Бадзей адзначыў, што прадпрымальнікі чакалі гэты дакумент больш чым год.

«Зроблены кардынальныя зрухі ў бок скарачэння відаў ліцэнзаванай дзейнасці, і такім чынам знікнуць непатрэбныя бар’еры для прадпрымальніцкай дзейнасці», —
сказаў ён. Разам з тым, паводле меркавання эксперта, «чакаць, што толькі гэты ўказ паўплывае на прадпрымальніцкую актыўнасць і з’яўленне вялікай колькасці новых прадпрыемстваў, няправільна».
Паводле меркавання Аляксандра Калініна, указ аб ліцэнзаванні з’яўляецца «прагрэсіўным дакументам».
Паводле яго слоў, акрамя таго, што значна скарочаны пералік ліцэнзаванай дзейнасці і спрошчана працэдура атрымання ліцэнзіі, указам уведзена шматступеньчатая працэдура пазбаўлення ліцэнзіі, якая абараняе ліцэнзіята і прадугледжвае не аўтаматычнае пазбаўленне пры дробных парушэннях, а сістэму папярэджанняў. Акрамя гэтага, ліцэнзія не будзе анулявацца для ўсяго прадпрыемства, а толькі для яго падраздзяленняў, якія дапусцілі парушэнні.

«Самае галоўнае, што з пераліку ліцэнзаванай дзейнасці выключаны самыя масавыя віды дзейнасці — гандаль і грамадскае харчаванне, на долю якіх прыпадала больш як 50% ліцэнзій», — адзначыў Калінін. Ён лічыць, што дакумент будзе стымуляваць дзелавую актыўнасць у краіне, развіццё новых прадпрыемстваў, новых суб’ектаў гаспадарання і павелічэнне аб’ёмаў продажу тавараў і паслуг. Разам з тым ён адзначыў, што «гэта адзін з захадаў у правільным кірунку». «Спрашчэнне ліцэнзавання — не вырашыць усе праблемы прыватнага прадпрымальніцтва. Застаюцца складанасці, звязаныя з арэндай памяшканняў, атрыманнем участка зямлі, многія тэхнічныя нарматыўныя дакументы, якія сур’ёзна абцяжарваюць жыццё прадпрымальнікаў. Сярод іх СанПіНы, якія не адаптаваныя для малога бізнесу, нормы пажарнай бяспекі і г.д.», — адзначыў Калінін.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула