«Ну і мэр з імі»
Мінск чарговы раз дае задні ход. Піша Андрэй Дынько.
Адносіны кіраўнікоў Масквы й Менска даўно носяць глыбінны характар.
Дэпутаты нацыянальнага сходу на экстраным паседжанні прынялі вельмі стрыманую рэзалюцыю. Макей паспяшаўся назваць заявы пра тое, што Беларусь нібыта згорне свой удзел у інтэграцыйных праектах на постсавецкай прасторы ў выпадку непрызнання Расеяй прэзідэнцкіх выбараў «дэзынфармацыяй і бруднай правакацыяй».
Лукашэнка павіншаваў Пуціна з днём нараджэння, хоць тыднямі раней дэманстратыўна праігнараваў дзень іншага анёлка — Мядзведзева.
А «Советская Белоруссія», якая кагадзе вытанчана здзекавалася з бязмозглых кіраўнікоў Расіі, апублікавала красаслоўную, але прымірэнчую рэдакцыйную калонку «Ну і мэр з імі» (чамусьці яе пакуль няма ў онлайн-версіі выдання).
Цяпер рэдактар «Советской Белоруссіі» піша: «Палітычныя неўразуменні па лініі Мінск-Масква» заўжды сканчаюцца пазітыўна. Адносіны беларусаў і расейцаў носяць больш глыбінны й базавы характар, чым тое можа паказацца дылетантам. Таму ніхто з адказных палітыкаў не прагне славы Герастрата ані. Ясна, што ніхто не наважаны паліць масты».
Досыць было Мядзведзеву грукнуць кулаком па стале?
Ствараецца ўражанне, што паўтараецца сітуацыя лета 2010-га, калі Беларусь адмаўлялася падпісаць пагадненні пра Мытны саюз. Адмаўлялася-круцілася, пакуль не выйшаў фільм «Хросны бацька». Тады Лукашэнка паляцеў у Астану і нявыгадны Мытны кодэкс падпісаў.
Так што рана сёй-той парадаваўся смерці саюзнай дзяржавы. Расія яшчэ трымае Беларусь на гэтым ланцугу.