Думала, што эратычная гульня. Аказалася - абрабаванне
А пачалося ўсё ў грамадскай лазні. Два мужыкі, як бывае, разгаварыліся, выпілі піва. Высветлілася, што адзін з іх прыехаў у Віцебск з іншага горада, сумна яму. Жыхар абласнога цэнтра паабяцаў абавязкова пазнаёміць госця старажытнага горада са сваёй суседкай.
Такім чынам мужчыны (назавём нашых герояў Барысам і Ігарам) хутка апынуліся дома ў апошняга, дзе і выпівалі. Потым у кампаніі з’явілася і суседка гаспадара кватэры — Паліна. Яна, дарэчы, гандлюе на адным з рынкаў горада.
Жанчына напрыканцы застолля запрасіла Барыса ў сваю кватэру, каб працягнуць прыемнае знаёмства за кавай. Глядзелі тэлевізар, жартавалі, фліртавалі…
Госць раптам узяў жанчыну на рукі і панёс у спальню.
Безумоўна, не для таго, каб разам пачытаць вершы Пушкіна. Але хто яго ведае?.. Паклаў жанчыну на ложак (на жывот), загнуў рукі за спіну, звязаў іх вяроўкай (Эмануэль — гераіня з фільма для дарослых, напэўна, магла б і пазайздросціць фантазіі мужыка), потым звязаў і ногі.
Жанчына, верагодна, была шчыра ўпэўненая ў тым, што ўсё гэта робіцца, каб разыграць нейкую эратычную гульню. Таму і не аказвала супраціўлення.
А потым… «Казанова» запатрабаваў, каб жанчына сказала яму, дзе хавае грошы і ювелірныя вырабы. Так і не дачакаўшыся адказу, зняў са сваёй новай знаёмай упрыгажэнні, якія былі на ёй. Потым пачаў шукаць у кватэры каштоўнасці. Знайшоў грошы і адзенне, якое гандлярка планавала прадаць на рынку. А потым… Мужчына так і не развязаў няшчасную, ды і пайшоў.
Як паведаміў памочнік пракурора Першамайскага раёна Віцебска Сяргей Будрэвіч, зламысніка злавілі. Высветлілася, што раней ён ужо быў судзімы. За новы крымінальны ўчынак ён можа быць пазбаўлены волі тэрмінам да шасці гадоў.