БЕЛ Ł РУС

Грыбаўскайце: апазіцыя, вызначце аднаго!

21.10.2010 / 00:27

Мікола Бугай

Літоўская дэлегацыя сустрэлася з кандыдатамі ў прэзідэнты. Але спазнілася на паўтары гадзіны ад таго, што зацягнуўся абед у Лукашэнкі.

У часе візіту Далі Грыбаўскайце ў Менск адбылася яе сустрэча з пяццю патэнцыйнымі кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі — Рыгорам Кастусёвым, Уладзімерам Някляевым, Яраславам Раманчуком, Віталём Рымашэўскім і Андрэем Саннікавым.

Сустрэча была кароткая, у будынку літоўскага пасольства. Літоўская дэлегацыя спазнілася на паўтары гадзіны ад таго, што зацягнуўся абед у Лукашэнкі.
Удзельнікі сустрэчы паведамілі, што Даля Грыбаўскайце і міністр замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс заклікалі іх аб’яднацца і выбраць адзінага кандыдата.

Грыбаўскайце коратка паінфармавала лідэраў апазіцыі пра змест размоваў з Аляксандрам Лукашэнкам і ягоныя абяцанні.

Віталь Рымашэўскі ў інтэрв’ю агенцтву БелаПАН размову ацаніў станоўча.

Яраслаў Раманчук быў больш скептычны: «Для мяне так і засталася незразумелаю асноўная мэта візіту спадарыні Грыбаўскайце ў Менск. Грош цана абяцанням Лукашэнкі. Лукашэнка зноў атрымаў магутны піяр, а мы бачым, што Захад адносна яго не мае супольнай пазіцыі».

Крытычна паставіўся да размовы і Саннікаў: ён звярнуў увагу, што прэзідэнтка Літвы не ўзнімала пытання палітычных забойстваў у Беларусі.

У Някляева ж пасля сустрэчы засталося ўражанне, што «апазіцыі на маючых адбыцца выбарах не варта чакаць падтрымкі ні ад Расіі, ні ад Еўрасаюза».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула