БЕЛ Ł РУС

На Брэсцкай мытні канфіскавана партыя калекцыйнай зброі

26.10.2010 / 09:53

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Супрацоўнікамі Брэсцкай мытні канфіскавана партыя калекцыйнай зброі.

Як паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта, 22 кастрычніка ў пункце мытнага афармлення «Брэст-Цэнтральны» ў службовым купэ аднаго з праваднікоў цягніка № 21 Масква — Прага знойдзена восем корцікаў спецпадраздзяленняў арміі Германіі 1930–1940 гадоў.

Падчас вуснага апытання аб магчымай наяўнасці ў службовым купэ забароненых і абмежаваных да перамяшчэння праз мяжу тавараў супрацоўнік Брэсцкай мытні звярнуў увагу на эмацыянальнае напружанне правадніка. На прапанову паказаць для агляду багаж чэшскі чыгуначнік прад’явіў дарожную сумку, у якой знаходзілася зброя, пры гэтым растлумачыў, што прыняў пасылку для перадачы ў Маскву ад пражскага антыквара, змест яе не палічыў патрэбным указаць пры мытным дэклараванні тавараў.

Для правядзення папярэдняй экспертызы і ацэнкі выяўленых прадметаў былі прыцягнуты дасведчаныя мастацтвазнаўцы ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама. Яны пацвердзілі, што корцікі выраблены ў першай палове ХХ стагоддзя метадам кавання з нанясеннем гравіроўкі, вытраўлення, з’яўляліся асабістай зброяй каманднага складу паветранага флоту і спецыяльных падраздзяленняў узброеных сіл Германіі, знаходзяцца ў добрым стане, уяўляюць пэўную навуковую і калекцыйную цікавасць.

Паводле папярэдняй ацэнкі, іх кошт складае больш як 50 млн. рублёў. Па гэтым факце складзены адміністрацыйны пратакол, які накіраваны ў суд Маскоўскага раёна Брэста.

У адпаведнасці з заканадаўствам корцікі перададзены для правядзення крыміналістычнай экспертызы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула