БЕЛ Ł РУС

1000 кантэйнераў для пластыку з'явяцца ў Мінску да канца года

11.11.2010 / 09:10

Да канца 2010 года ўся шматпавярховая жылая забудова Беларусі будзе забяспечана кантэйнерамі для раздзельнага збору смецця. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Анатоль Шагун 10 лістапада на пасяджэнні круглага стала ў Мінску.

Паводле слоў Шагуна, да канца года кантэйнерамі для раздзельнага збору смецця «будуць ахоплены» тры чвэрці насельніцтва Беларусі. Для параўнання: у 2005 годзе гэты паказчык складаў прыкладна 40%. Усяго ў 2010 годзе ў краіне будзе ўстаноўлена больш за 12 тыс. кантэйнераў для раздзельнага збору смецця і набыта не менш як 140 смеццявозаў.

Пашырэнне сістэмы раздзельнага збору камунальных адходаў заклікана павялічыць адбор з іх другасных рэсурсаў, адзначыў спецыяліст. У краіне штогод утвараецца прыкладна 15 млн. куб. м камунальных адходаў, і зараз большая частка гэтага аб’ёму захоўваецца.

Як паведаміў Шагун, дасягнуць павелічэння аб’ёму атрымання другасных матэрыяльных рэсурсаў у краіне закліканы таксама 87 станцый сартавання ці дасартавання адходаў. У Гомелі, Магілёве, Наваполацку працуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы камунальных адыходаў. У Брэсце такое прадпрыемства з’явіцца ў 2011 годзе, у Гродне — да 2014 года. Разглядаюцца варыянты будаўніцтва прадпрыемстваў па перапрацоўцы смецця ў Віцебску, Мінску, Барысаве, Бабруйску, Оршы «з арыентацыяй на атрыманне для будаўніцтва замежных інвестыцый альбо крэдытных рэсурсаў».

Як адзначыў спецыяліст, увядзенне ў дзеянне прадпрыемстваў дазволіла павялічыць выпрацоўку другасных матэрыяльных рэсурсаў з адходаў з 27 тыс. тон у 2005 годзе да 86 тыс. тон у 2010 годзе. Штогод выпрацоўка другасных матэрыяльных рэсурсаў павялічваецца на 30–40%.

Разам з тым Шагун лічыць, што пры цяперашнім узроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі даволі складана дамагчыся тых паказчыкаў атрымання другасных рэсурсаў з адходаў, якія дасягнуты ў развітых еўрапейскіх краінах. Абарачэнне другасных рэсурсаў не прыносіць прыбыткаў. Кошт будаўніцтва завода па перапрацоўцы смецця паводле сучаснай тэхналогіі на 100 тыс. тон пачынаецца ад 30 млн. еўра, а ў сярэднім складае 50–70 млн. еўра, і падчас эксплуатацыі такое прадпрыемства з’яўляецца затратным.

Як прагназуе Шагун, ужо да 2015 года за кошт стварэння прадпрыемстваў па перапрацоўцы адходаў ад 30 да 50% усіх камунальных адходаў, якія ўтвараюцца ў Беларусі, будуць паўторна выкарыстоўвацца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула