БЕЛ Ł РУС

«Падарожжа па бясконцай вайне»

11.11.2010 / 09:18

У Мінску прадставілі фільм пра Мікалая Аўтуховіча.

Прэзентацыя фільма «Падарожжа па бясконцай вайне», які прысвечаны асуджанаму ваўкавыскаму прадпрымальніку Мікалаю Аўтуховічу, прайшла 10 лістапада ў мінскім офісе Партыі БНФ.

На мерапрыемстве прысутнічалі больш як 60 чалавек, у тым ліку былыя кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін і Аляксандр Мілінкевіч, прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта Мікалай Статкевіч і Рыгор Кастусёў, іншыя грамадскія і палітычныя дзеячы.

Як адзначыла рэжысёр карціны Вольга Мікалайчык, гэты фільм даўся ёй з вельмі цяжка. Ён распавядае пра Мікалая Аўтуховіча як пра воіна-інтэрнацыяналіста, які ваяваў у Афганістане, як пра паспяховага прадпрымальніка і пра тое, як беларускія ўлады пазбавілі яго бізнесу і сфабрыкавалі ў дачыненні да яго дзве крымінальныя справы.

«Я вельмі рада, што мне ўдалося зрабіць гэты фільм.

Гэта было вельмі цяжка — глядзець на слёзы маці Аўтуховіча, на слёзы яго дачок пры здымцы і мантажы. Калі ты бачыш, што іх мужа і бацьку хочуць згнаіць у турме ні за што,

то зразумела, што з такім матэрыялам працаваць вельмі цяжка», — сказала Мікалайчык.

«Мне было цяжка маральна, псіхалагічна, і нават фізічна», — дадала яна.

Стужку працягласцю 69 хвілін можна будзе паглядзець у інтэрнэце. Магчыма, яе пакажуць па тэлеканале «Белсат». «Фільм ужо прайшоў на праваабарончых фестывалях, на праваабарончых сайтах, распаўсюджваецца з рук у рукі. Я сама ўжо раздала прыкладна сто дыскаў з фільмам, бо людзі патрабуюць: «Скапіруйце, распаўсюдзьце, гэта трэба», — адзначыла рэжысёр.

***

Прыгаворы па так званай справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў былі абвешчаны ў Вярхоўным судзе ў маі гэтага года. Аўтуховіча прыгаварылі да пяці гадоў двух месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму, Уладзіміра Асіпенку — да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. 5 лістапада Асіпенка быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова.

Яшчэ двое абвінавачваных — былы работнік фірмы Аўтуховіча Аляксандр Ларын і падпалкоўнік міліцыі Міхаіл Казлоў — былі прыгавораны адпаведна да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму без пазбаўлення права займаць кіраўнічыя пасады.

Аўтуховіч прызнаны вінаватым у перавозцы і захоўванні пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі, Асіпенка і Ларын — у захоўванні і перавозцы зброі і выбуховых рэчываў, Казлоў — у тым, што ведаў аб знаходжанні на тэрыторыі школы-ліцэя № 1 Гродна гранатамёта, але не паведаміў аб гэтым.

Праваабаронцы лічаць асуджаных па гэтай справе палітвязнямі, указваючы на сур’ёзныя працэсуальныя парушэнні, зафіксаваныя падчас суда.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула