Ярмошына: Ніхто не павінен дазваляць заставацца на ўчастках на ноч
Старшынька ЦВК адкрыла сёння Інфармацыйны цэнтр па выбарах.
Кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына, выступаючы на адкрыцці Інфармацыйнага цэнтра, пракаментавала тое, як праходзіць кампанія выбараў у прэзідэнты.
12% выбарцаў, якія прагаласавалі датэрмінова, Ярмошына назвала «традыцыйным працэнтам яўкі». «Кампанія праходзіць нармальна, а ўсе драмы разгортваюцца ў інтэрнэце», выказала сваё меркаванне кіраўніца ЦВК.
Лідзія Ярмошына заявіла, што некаторыя скаргі, якія ЦВК атрымлівае ад назіральнікаў, выглядаюць на спланаваную акцыю. Яна кажа, што згаданыя акты складаюцца з аднолькавага тэксту пра тое, што назіральнікам не дазваляюць сачыць за скрынямі ноччу.
«Ніхто не павінен дазваляць такога. Усе спробы заставацца на ўчастках на ноч — гэта запланаваныя правакацыі», — заявіла Ярмошына.
У гэтым выпадку назіральнікі паступаюць незаконна, адзначыла старшыня ЦВК. Ярмошына таксама паведаміла, што ЦВК разглядае 2 заявы пра тое, што выбарцаў прымушалі да датэрміновага галасавання.