БЕЛ Ł РУС

Мінчанку затрымалі за пагрозы ў адрас Лукашэнкі

22.12.2010 / 16:29

Мінчанка выказала па тэлефоне ўсё, што яна думае пра кіраўніка беларускай дзяржавы, і апынулася ў ізалятары часовага ўтрымання.

Як стала вядома інтэрнэт-газеце Naviny.by, 47-гадовая непрацуючая жыхарка Мінска патэлефанавала на спецлінію «102» і «нагаварыла» сабе крымінальную справу. Пазней у рапарце міліцыянты напісалі, што яна, «груба парушаючы грамадскі парадак, выказваючы відавочную непавагу да грамадства, суправаджаючы нецэнзурнай лаянкай, пагражала прымяненнем гвалту ў дачыненні да прэзідэнта РБ».

Праваахоўным органам было няцяжка вылічыць жанчыну, бо яна скарысталася хатнім тэлефонам. Пасля затрымання жанчыну змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

У дачыненні да яе аддзелам дазнання Першамайскага РУУС распачатая крымінальная справа па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса («Хуліганства»). Рэчыўным доказам віны служыць аўдыёзапіс размовы: усе кантакты па тэлефоне 102 запісваюцца.

Што падштурхнула мінчанку на гэты дзёрзкі ўчынак, высветліць пакуль не ўдалося. Магчыма, што ў ліку затрыманых удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі апазіцыі, якая прайшла ўвечары 19 снежня ў Мінску, быў хто-небудзь з яе блізкіх сваякоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула