БЕЛ Ł РУС

У Страсбургу абмяркуюць сітуацыю ў Беларусі

24.01.2011 / 12:06

Таццяна Каравянкова, БелаПАН

24 студзеня ў Страсбургу адкрываецца зімовая сесія Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ), на якой чакаецца правядзенне тэрміновых дэбатаў па Беларусі.

Просьбу аб правядзенні дэбатаў па сітуацыі ў Беларусі падала 13 студзеня старшыня ліберальнай групы дэпутатаў ПАСЕ Ан Брасер. Рашэнне аб правядзенні дэбатаў павінна быць прынята сёння на пасяджэнні Бюро ПАСЕ перад адкрыццём сесіі.

У парадак дня зімовай сесіі ПАСЕ, якая будзе працаваць да 28 студзеня, уключаны дэбаты па дакладах аб незаконным гандлі чалавечымі органамі ў Косаве і абароне журналісцкіх крыніц інфармацыі, а таксама выступленні прэзідэнта Турцыі Абдулы Гюля, прэзідэнта Сербіі Барыса Тадзіча, прэзідэнта Румыніі Траяна Бэсеску і прэм’ер-міністра Албаніі Салі Берыша. Перад парламентарыямі выступяць старшыня Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Арне Кёніг і генеральны сакратар Савета Еўропы Турбьёрн Ягланд.

Статус спецыяльнага запрошанага ў ПАСЕ беларускі парламент атрымаў у 1993 годзе, але быў пазбаўлены яго ў лістападзе 1996-га пасля канстытуцыйнага рэферэндуму, які значна пашырыў паўнамоцтвы прэзідэнта.

У чэрвені 2009 года на сесіі ПАСЕ было прынята рашэнне вярнуць статус спецыяльнага запрошанага беларускаму парламенту ў выпадку, калі Беларусь увядзе мараторый на смяротную кару.

У красавіку 2010 года ПАСЕ прыпыніла кантакты з Беларуссю на высокім узроўні. У адпаведнай рэзалюцыі ўказваецца на недастатковы прагрэс краіны ў сферы адпаведнасці стандартам Савета Еўропы. Прычынай для гэтага стала прывядзенне ў выкананне ў Беларусі двух смяротных прыгавораў, у той час як скаргі асуджаных разглядаў Камітэт ААН па правах чалавека.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула