БЕЛ Ł РУС

У Вялікабрытаніі прэс-сакратар прэм'ера звольніўся праз скандал з праслухоўкай

24.01.2011 / 13:24

Дарадца брытанскага прэм’ера па сувязях з грамадскасцю Эндзі Коўлсан у пятніцу, 21 студзеня, паведаміў пра сваю адстаўку,
са спасылкай на заяву чыноўніка паведамляе The Daily Telegraph.

Прычынай адстаўкі Коўлсана стаў скандал, які нядаўна разгарэўся вакол газеты The News of the World, галоўным рэдактарам якой Коўлсан раней працаваў. У прыватнасці, у канцы 2010 года ў дачыненні да выдання было распачатае расследаванне па абвінавачанні ў праслухоўванні знакамітасцяў. Падставай стаў шэраг позваў, апошнюю з якіх падала акторка Сiена Мілер.

У брытанскай прэсе раней паведамлялася, што самога Коўлсана расследаванне наўрад ці закране. Тым не менш, прэс-сакратар Дэвіда Кэмерана палічыў, што ціск, які на яго робіцца ў сувязі са следствам, перашкаджае яму паўнавартасна выконваць свае абавязкі.

Увага да Коўлсана пасля пачатку расследавання звязаная з абставінамі яго сыходу з пасады галоўрэда The News of the World у 2007 годзе.

Яго адстаўцы папярэднічаў аналагічны цяперашняму скандал з праслухоўваннем, у якім былі абвінавачаныя два рэпарцёры выдання.
Высветлілася, што ў 2006 годзе Клайв Гудман і Глен Малкер праслухоўвалі тэлефонныя перамовы каралеўскай сям’і і іншых высокапастаўленых асобаў краіны.

Па выніках следства Гудмана і Малкера прысудзілі да чатырох і шасці месяцаў турмы адпаведна. Коўлсан з самага пачатку сцвярджаў, што нічога не ведаў пра супрацьпраўныя дзеянні сваіх падначаленых. У заяве аб адстаўцы з пасады дарадцы Кэмерана ён пацвердзіў сваю пазіцыю.

Між тым, абаротаў цяперашняму скандалу з праслухоўкай надаў той факт, што пад падазрэнне зноў трапіў Глен Малкер. Пры гэтым высветлілася, што яго метады хутчэй за ўсё былі ўхваленыя рэдакцыйным кіраўніцтвам. У сувязі з гэтым паліцыя вырашыла зноў вывучыць усе матэрыялы старога скандалу, выклікаўшы ў лістападзе 2010 года на допыт Коўлсана. Пазней паведамлялася, што справу ў дачыненні да яго заводзіць не сталі.

Чым Коўлсан збіраецца займацца пасля сыходу з пасады прэс-сакратара брытанскага прэм’ера, ён не паведаміў. Сам Кэмеран, каментуючы адстаўку свайго памочніка, выказаў глыбокае расчараванне ў сувязі з неабходнасцю яго звальнення.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула