Латвія забароніць уезд 160 беларускім службовым асобам
У аўторак урад Латвіі на закрытай частцы паседжання падтрымаў забарону на ўезд для беларускіх чыноўнікаў.
У аўторак урад Латвіі на закрытай частцы паседжання ў прынцыпе падтрымаў забарону на ўезд для беларускіх службовых асобаў, пры гэтым у сферы эканамічных санкцый Латвія заклікае ацэньваць кожны праект супрацоўніцтва асобна.
Прадстаўнік МЗС Ілзэ Юхансоне паведаміла, што ўрад зацвердзіў пазіцыю Латвіі, якую краіна зойме на нарадзе міністраў замежных справаў ЕС 31 студзеня, дзе яе будзе прадстаўляць міністр замежных справаў Гіртс Валдзіс Крыстоўскіс.
Адным з галоўных пытанняў на нарадзе будзе ўвядзенне санкцый у дачыненні да Беларусі.
Да нарады рыхтуецца рашэнне аб аднаўленні забароны на ўезд для беларускіх службовых асобаў, у тым ліку для прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, супрацоўнікаў міліцыі і журналістаў. Гаворка ідзе пра спіс прыкладна з 160 чалавек, хоць паміж краінамі ЕС яшчэ працягваюцца дыскусіі пра тых, хто будзе ў яго ўключаны.
Юхансоне пацвердзіла, што Латвія ў прынцыпе падтрымлівае забарону на ўезд у ЕС для беларускіх службовых асобаў.
«Мы ўжо неаднаразова выказвалі меркаванне, што Еўрасаюзу неабходна адрэагаваць на ўжыванне сілы пасля прэзідэнцкіх выбараў», — падкрэсліла яна, адзначыўшы недапушчальнасць затрымання апазіцыі па палітычных матывах.
Адначасова Латвія заклікае ўважліва ацэньваць тое, як ЕС працягне падтрымліваць кантакты з Беларуссю, не дапускаючы, каб пацярпела грамадства, супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і развіццё дэмакратычнага працэсу.
Каментуючы латвійскую пазіцыю адносна эканамічных санкцый супраць Беларусі, Юхансоне сказала, што не варта падтрымліваць лінейны падыход, гэта значыць, прыпыненне ўсіх праектаў супрацоўніцтва, без ацэнкі, накіраваныя яны на ўмацаванне цэнтральнага апарата або на сферу навучання.
«Варта ацэньваць кожны канкрэтны праект, каб мы з дапамогай лінейнага падыходу не пагоршылі сітуацыю», — сказала яна.