БЕЛ Ł РУС

19-гадовы Васьковіч з Бабруйска падазраецца ў нападзе на КДБ у Бабруйску

28.01.2011 / 10:54

Пра гэта паведамілі ягонай маме.

19-гадовы студэнт Яўген Васьковіч падазраецца ў хуліганскім нападзе на будынак мясцовага аддзела КДБ.

Як паведаміла маці затрыманага 17 студзеня ў Магілёве журналіста Рушанія Іванаўна, яе сын пераведзены з ізалятара часовага ўтрымання ў турму №4 у абласным цэнтры. 27 студзеня закончыўся 10-сутачны тэрмін яго адміністрацыйнага арышту.

«У турме ён будзе знаходзіцца два ці больш месяцаў, — сказала яна. — Пакуль ідуць усе праверкі наконт таго, што адбылося 16 кастрычніка 2010 года. Нібыта Яўген з двума сябрамі кінулі штосьці ў будынак КДБ на вуліцы Пушкіна і падпалілі».

Паводле слоў маці журналіста, найбліжэйшым часам яна прыедзе ў Магілёў, каб перадаць сыну перадачу. «Пагутарыць мне з ім не дадуць. Толькі калі ўжо суд пройдзе, тады мне могуць даць адно спатканне», — паведаміла яна.

27 студзеня жанчына была выклікана ў міліцыю ў Бабруйску, дзе з ёю гутарыў следчы. «Пытаўся, які ён быў хлопец, як жыў, вучыўся. Нармальна пагаварылі, — адзначыла маці Васьковіча. — Зараз збіраюць усе дакументы, супастаўляюць. Калі суд вырашыць, што нічога там смяротнага няма, то, можа, і лёгкім перапудам абыдзецца, а могуць даць на поўную катушку».

Яўген Васьковіч быў затрыманы раніцай 17 студзеня ў Магілёве,

куды ён прыехаў на сесію ў Магілёўскі дзяржуніверсітэт імя Аркадзя Куляшова. 16 студзеня ён узяў удзел у несанкцыянаваным пікеце салідарнасці з палітзняволенымі.

Раней Васьковіч адбыў 12 сутак адміністрацыйнага арышту ў Мінску ў сувязі з падзеямі 19 снежня на плошчы Незалежнасці.

11 студзеня, ужо знаходзячыся на сесіі ў Магілёве, ён быў выкліканы ва УКДБ па Магілёўскай вобласці, дзе з яго спрабавалі ўзяць распіску з абавязацельствам не ўдзельнічаць больш у такіх акцыях.

На будынак аддзела КДБ у Бабруйску напалі невядомыя 16 кастрычніка. У яго былі кінуты бутэлькі з запальнай сумессю. Пацярпелых не было. Крымінальная справа на падставе артыкула «Хуліганства» распачата УУС Бабруйска.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула