Мінчук разбіў шкло ў машыне, якая перашкаджала прайсці да пад'езда
Аддзелам дазнання папярэдняга расследавання Ленінскага РУУС распачатая крымінальная справа ў дачыненні да19-гадовага жыхара мікрараёна Серабранка, які разбіў шкло ў няўдала прыпаркаваным у двары аўтамабілі.
Двое сяброў бавілі зімовы вечар звыкла — спачатку пілі гарэлку, потым піва. Ужо было пайшлі дахаты, аднак дарогу да пад’езда дома па праспекце Ракасоўскага заступіў кімсьці вельмі нязручна прыпаркаваны аўтамабіль. Нецвярозы малады чалавек вырашыў правучыць няветлівага кіроўцу і разбіў левае шкло нагой.
Адкрыўшы дзверцы з боку кіроўцы, юнак залез у салон аўтамашыны і ўжо адтуль пачаў цаглінай выбіваць астатняе шкло. Толькі убачыўшы патрульную машыну, малады чалавек выскачыў з аўто і кінуўся наўцёкі, але быў затрыманы міліцыянтамі ў суседнім двары.
У аддзеле дазнання папярэдняга расследавання Ленінскага РУУС распачатая крымінальная справа па арт. 339 ч.1 Крымінальнага кодэкса РБ («Хуліганства»), якое перадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 3 гадоў.