БЕЛ Ł РУС

Саміт СНД паралізаваў Менск

28.11.2006 / 20:28

Nashaniva.com

Менчукі вяртаюцца дахаты ў спальныя раёны пешкі.

Цэнтар Менску – ад вакзалу і на працягу ўсяго праспэкту – ператварыўся ў суцэльны затор. Чэргі машын стаяць дакуль бачыць вока. Аўтамабілісты перастаюць зважаць на правілы, перакрываюць скрыжаваньні, едуць на чырвонае, становяцца на пераходах, чым яшчэ больш ускладняюць сытуацыю. У заторах стаіць ня толькі аўтатранспарт, але і трамваі – рэйкі таксама перакрытыя машынамі. Грамадзкі транспарт перапоўнены і таксама безнадзейна зьбіўся з графіку і заграз у заторах.

Багата людзей ідуць дахаты пешкі, нават у спальныя раёны:

«У 15.30 на вакзале тварылася немаведама што!!!, – абурана піша блогер Ingi ў суполцы minsk_by. – Тралейбусы колам стаяць… натоўпы народу… машыны… Давялося ў Серабранку адправіцца пехам… за гадзіну дайшоў дахаты…»

«Адна дзяўчынка ледзь ня плакала. Казала, што паехала за ключамі ад офісу, якія забылася дома, а тут яшчэ на адваротным шляху гэты бясконцы затор (цікава, што зь ёй зрабілі калегі, якія чакалі яе пад офісам?).

Пасьля 30 хвілін чаканьня, калі ўжо праехала 3 картэжы, а транспарт так і не пусьцілі, народ пачаў выходзіць папаліць Павыходзіла шмат народу, усе абураліся, нехта жартам прапаноўваў перакрыць праспэкт. Казалі, што дэлегаты ня могуць знайсьці ў тумане Нацыянальную бібліятэку :) і г.д. але было не да сьмеху, народ спазьняўся. Недзе паўтары гадзіны правёў я ў маршрутцы «Ўручча-м.Усход». Усе разам «уламалі» кіроўцу паехаць у аб’езд. Але і вул. Каліноўскага, і Філімонава таксама былі перакрытыя пастамі ДАІ. Як мы дабраліся да мэтро, я ня ведаю, ехалі празь нейкія «заказяўкавічы», але ж дабраліся...», – расказвае тамсама Belman.

Акрамя таго, каля 17-й перакрылі перасадачны вузел мэтрапалітэну «Кастрычніцкая – Купалаўская» і Кастрычніцкую плошчу ад вуліцы Янкі Купалы і ўвесь народ хлынуў на суседнія станцыі. На Кастрычніцкай плошчы сёньня а 19-й мелася адбыцца акцыя салідарнасьці з палітзьняволенымі, аднак яна была разагнаная міліцыяй, не пачаўшыся.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула