БЕЛ Ł РУС

Пасол Украіны ў Беларусі: Я не змог бы жыць у такіх умовах, як беларусы

18.02.2011 / 12:18

НБ

«Я зрабіў так, як павінен быў зрабіць і грамадзянін Бяссмертны, і пасол Украіны».

Пасол Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны ў інтэрв’ю ўплывовай украінскай газеце «Дзень» выказаўся адносна палітычнага становішча ў Беларусі.

У прыватнасці, ён сказаў: «З пункту гледжання ўкраінцаў, у Беларусі выбараў не было… Але магу сказаць: я не змог бы жыць у такіх умовах. Або зрабіў бы ўсё, каб перамагчы такую сітуацыю, або гэтая дзяржава перамагла б мяне. Ва Украіне я рабіў усё, каб у нас такіх выбараў больш ніколі не было».

Пасол Бяссмертны адзначыў, што Расія мае ў Беларусі свае інтарэсы, якія напэўна суправаджаюцца гульнёй яе спецслужбаў.

Пасол не пагадзіўся з думкай, што сярод беларускай апазіцыі няма моцных лідараў, і ў якасці тых, хто мае шансы на перамогу, назваў Андрэя Саннікава, Уладзіміра Някляева. Аляксандра Мілінкевіча. Ён заклікаў «не быць зняважлівымі ў дачыненні да беларускага народа».

Ён акрэсліў пазіцыю Украіны: «Пазіцыя Украіны абсалютна выразная.

Украіна не можа падтрымаць і ніколі не падтрымае тыя крокі, якія былі зробленыя ў дачыненні да беларускай апазіцыі,
а таксама да грамадзян Украіны 19 снежня 2010 года. Гэта не стасуецца з еўрапейскімі, хрысціянскімі, украінскімі каштоўнасцямі. Няма такіх інтарэсаў — эканамічных, фінансавых, маёмасных, банкаўскіх, якія можна прамяняць на правы чалавека. Няма такой цаны».

Разам з тым пасол падкрэсліў важнасць эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва і заклікаў улады Украіны надаваць гэтым гуманітарным пытанням больш увагі. Як адну з праблемаў адносінаў паміж краінамі ён адзначыў тое, што да сёння не дэмаркаваная беларуска-ўкраінская мяжа.

На пытанне: «Вы не хацелі ісці на інаўгурацыю Лукашэнкі?» — пасол адказаў: «Я зрабіў так, як павінен быў зрабіць і грамадзянін Бяссмертны, і пасол Украіны. Я туды не пайшоў».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула