Хто падрывае асновы канстытуцыйнага ладу ў краіне — абвінавачаныя альбо абвінаваўцы?
З нагоды судоў над палітвязнямі піша філосаф Людміла Клімковіч.
З нагоды судоў над палітвязнямі піша філосаф Людміла Клімковіч.
Адна з найбольш хвалюючых тэмаў для беларускага грамадства сёння — 19 снежня і яго наступствы.
Большасць кандыдатаў на пасаду прэзідэнта апынуліся пасля выбараў за кратамі. Некаторым з іх цяпер змененая мера стрымання на хатні арышт ці падпіску аб нявыездзе. Але практычна ім усім, а таксама многім іншым змагарам за дэмакратыю выстаўленыя абвінавачанні ва ўчыненні правапарушэнняў і рыхтуюцца новыя абвінавачанні, у прыватнасці, у спробе зрынуць канстытуцыйны лад у краіне. Ці маюць гэтыя абвінавачванні пад сабой рэальную глебу?
Паспрабуем разабрацца ў гэтым, звярнуўшыся да Канстытуцыі Беларусі. У ёй сказана:
«Чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы» (арт.2).Гэта адно з асноватворных палажэнняў Асноўнага закона Беларусі. Праблема чалавека, пашырэння яго правоў і павелічэння яго свабодаў было галоўным пытаннем, якое ставілі і адстойвалі ў сваіх перадвыбарных праграмах усе дэмакратычныя кандыдаты на пасаду прэзідэнта. Ці ёсць тут склад злачынства? Відавочна, што не. У сваёй дзейнасці кандыдаты кіраваліся сваімі праграмамі, не супярэчылі ім.
Адно з палажэнняў Канстытуцыі абвяшчае:
«Кандыдаты, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады, удзельнічаюць у выбарах на роўных падставах»(арт.66). Падчас падрыхтоўкі да выбараў стала зразумела, што гэтае палажэнне Канстытуцыі ўвесь час парушалася. Якія маглі быць роўныя падставы, калі практычна ўсе сродкі масавай інфармацыі знаходзіліся ў руках аднаго прэтэндэнта, а астатнім было дазволена толькі апублікаваць свае перадвыбарныя праграмы і сцісла асвятліць іх у сваіх выступах, прычым у далёка не зручны для тэлегледачоў і радыёслухачоў час? Якія маглі быць роўныя падставы, калі агітацыя за аднаго з кандыдатаў была пачатая задоўга да пачатку выбарчага працэсу і вялася практычна штодня аж да выбараў з выкарыстаннем розных сродкаў масавай інфармацыі, а іншым гэта было дазволена рабіць толькі за месяц да выбараў і з выкарыстаннем фактычна толькі «падручных сродкаў»?
Якія маглі быць роўныя падставы, калі практычна ўсе камісіі па выбарах прэзідэнта былі сфармаваныя з прыхільнікаў аднаго з кандыдатаў?
Якія маглі быць роўныя падставы, калі ў руках аднаго кандыдата былі такія магутныя сродкі ўздзеяння на грамадскае меркаванне, як павелічэнне пенсій, заробкаў і стыпендый, камуфляж інфляцыйных працэсаў?Якія маглі быць роўныя падставы, калі адзін з кандыдатаў амаль штодня выступаў па радыё і тэлебачанні, а іншым былі дадзеныя бездапаможныя драбкі такіх магчымасцяў, і нават яны былі адабраныя за два тыдні да выбараў? Якія маглі быць роўныя падставы, калі адзін з кандыдатаў пастаянна ганьбіў і паліваў брудам іншых з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі?
Падчас падрыхтоўкі да выбараў былі таксама неаднаразова зарэгістраваныя парушэнні Выбарчага кодэкса Беларусі на карысць аднаго з кандыдатаў. Гэтыя парушэнні, шматлікія парушэнні Канстытуцыі, а таксама вядомая ўжо раней практыка падтасоўкі галасоў выбаршчыкаў падчас выбараў змусілі дэмакратычных кандыдатаў арганізаваць акцыю пратэсту супраць парушэнняў і фальсіфікацыі выбараў. Ці з’яўляюцца злачынцамі людзі, якія адстойваюць канстытуцыйныя правы? Відавочна, што не.
Калі дзясяткі тысяч беларусаў выйшлі 19 снежня на цэнтральныя плошчы сталіцы з мірнай акцыяй пратэсту, улады жорстка расправіліся з людзьмі з ужываннем сілы. Збіццю падвергліся жанчыны, старыя, моладзь. Снег на плошчы Незалежнасці быў афарбаваны крывёю. Некаторых людзей проста з плошчы машыны хуткай дапамогі везлі ў лякарню. Іншых параненых замест лякарні чорныя фургоны везлі ў ізалятары КДБ і МУС. Гэты дзень па праве можна назваць «крывавай нядзеляй», зладжанай уладамі. У якасці падставы для расправы з дэмакратамі было паказана біццё шкла ля ўваходу ў Дом урада.
Але вось чамусьці хуліганы, якія гэта ўчынілі, адразу затрыманыя не былі. Вельмі дзіўна.
Масавыя беспарадкі на плошчы Незалежнасці 19 снежня сапраўды былі. Але арганізавалі іх зусім не дэмакраты, якія праводзілі мірную акцыю. Беспарадкі палягалі ў збіванні і пазбаўленні свабоды сотняў беларусаў сілавымі структурамі. Прычым збіццю і пазбаўленню волі падвергліся не толькі грамадзяне, якія ўдзельнічалі ў дэманстрацыі, але і цалкам староннія людзі, што выпадкова апынуліся побач, і не толькі на плошчы, але і на суседніх вуліцах. А гэта ўжо наўпростае парушэнне пункта 1 артыкула 25 Канстытуцыі РБ, які абвяшчае, што дзяржава забяспечвае свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы.
Пасля «крывавай нядзелі» ў краіне пачаў раскручвацца махавік рэпрэсій. Было арыштавана мноства дэмакратычных актывістаў, канфіскаваная кампутарная тэхніка з рэдакцый дэмакратычных газет, офісаў дэмакратычных арганізацый, у грамадзян.
Гэтыя дзеянні парушаюць шмат артыкулаў Канстытуцыі Беларусі, у тым ліку арт.2 аб правах і свабодах чалавека і гарантыях іх рэалізацыі і арт.44 аб недатыкальнасці ўласнасці грамадзян.
Затрыманыя дэмакраты ўтрымліваюцца ва ўмовах, якія зневажаюць годнасць асобы. Гэта з’яўляецца парушэннем п.3 арт.25 Канстытуцыі аб тым, што ніхто не павінен падвяргацца абыходжанню або пакаранню, якія зневажаюць яго годнасць. Вязням сумлення не заўсёды забяспечваецца поўная медыцынская дапамога. Гэта з’яўляецца парушэннем арт.45 Канстытуцыі аб гарантаванні грамадзянам права на ахову іх здароўя.
Практычна ўсе
Гэта груба парушае арт.33 Канстытуцыі аб недапушчальнасці манапалізацыі сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай.Спіс парушэнняў Канстытуцыі з боку ўладаў можна працягнуць. Дык хто ж падрывае асновы канстытуцыйнага ладу ў краіне: абвінавачаныя альбо абвінаваўцы?