Багданкевіч: Я зноў адыходжу ад актыўнай палітычнай дзейнасці
Часовы лідэр АГП Станіслаў Багданкевіч заявіў, што адыходзіць ад актыўнай палітычнай дзейнасці. Па стане здароўя.
«Я зноў адыходжу ад актыўнай палітычнай дзейнасці. Кардыяграма вельмі дрэнная, ціск - 190 на 110. Калі ляжу - адчуваю сябе больш-менш нармальна, а вось актыўнасць даецца мне з цяжкасцю. Я ўжо сказаў Марголіну [намеснік старшыні АГП], што трэба праводзіць пасяджэнне Палітрады, каб на яго ўсклалі абавязкі часовага старшыні партыі - на час адсутнасці лідэра. Тым больш, зусім незразумела, калі вернецца Анатоль Лябедзька [знаходзіцца ў СІЗА КДБ]", - адзначыў Станіслаў Багданкевіч.
Ганаровы старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч ўзяў кіраўніцтва Аб'яднанай грамадзянскай партыяй у свае рукі, аб чым заявіў 30 снежня.
«Мірная дэманстрацыя беларускіх грамадзян 19 снежня пад кіраўніцтвам дзевяці апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты супраць фальсіфікацыі выбараў была жорстка разагнаная з наступным арыштам як кандыдатаў у прэзідэнты, так і іх прыхільнікаў, — гаварылася тады ў заяве. — Сярод арыштаваных — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, а таксама шэраг іншых членаў вышэйшага кіраўніцтва партыі і актывістаў, у тым ліку старшыня Мінскай гарадской арганізацыі АГП Анатоль Паўлаў і яго намеснік Алег Корбан».
«Ва ўмовах, калі партыя фактычна абезгалоўленая, зыходзячы з адказнасці за партыю, за захаванне яе адзінства і неабходнасці неадкладнай арганізацыі барацьбы за вызваленне нашых рэпрэсаваных таварышаў, часова, па ўзгадненні з Палітсаветам АГП, прымаю на сябе кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыяй», — заявіў 30 снежня Станіслаў Багданкевіч.