У Гомелі пратэстуюць супраць будаўніцтва школа-садка побач з заводам хімічных вырабаў
Жыхары гомельскага мікрараёна № 104 занепакоеныя, што новая школа-сад будзе адкрыта побач з заводам хімічных вырабаў.
19 сакавіка кіраўнік адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля Алег Пачынок і шэраг кіраўнікоў структурных падраздзяленняў гарвыканкама правялі інфармацыйна-прапагандысцкую сустрэчу з жыхарамі мікрараёна № 104, які ўзводзіцца. На сустрэчу з Пачынком прыйшлі 350 чалавек, якія задалі чыноўнікам больш за 40 пытанняў.
Як паведамілі БелаПАН у адміністрацыі раёна, людзей хвалявала, што будучая школа-сад, адкрыццё якой запланавана на верасень 2011 года ў будынку былой школы-інтэрната, размяшчаецца побач з заводам хімічных вырабаў. «У мэтах ухілення сацыяльнага напружання ў гэтым пытанні адміністрацыяй Навабеліцкага раёна будзе накіравана хадайніцтва ў Гомельскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі аб правядзенні адпаведных замераў наконт утрымання ў выкідах гэтага прадпрыемства атрутных і шкодных рэчываў, а таксама іх утрыманне ў навакольным асяроддзі», — заявілі ў адміністрацыі.
Мікрараён № 104 узводзіцца ў Навабеліцкім раёне, некаторыя сем’і ўжо атрымалі кватэры ў новых дамах. Мікрараён будзе складацца пераважна з дзевяціпавярховых дамоў, запланавана тут таксама будаўніцтва 12-павярховага, 16-павярховага і трох 18-павярховых жылых дамоў. Арыенціровачна рэалізацыя праекта забудовы мікрараёна абыдзецца ў 40 млрд. рублёў без уліку будаўніцтва сацыяльных і культурных аб’ектаў. Мяркуецца, што ў раёне будзе пражываць больш за 10 тыс. чалавек.
Чытайце таксама:
Каментары да артыкула