БЕЛ Ł РУС

Рада ЕС не стала разглядаць эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, бо за дзень быў тэракт

13.04.2011 / 09:44

Рада ЕС на пасяджэнні ў Люксембургу 12 красавіка не прыняла «ніякіх фармальных рашэнняў» адносна Беларусі,

паведаміла Мая Качыянчыч, прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.

Абмеркаванне сітуацыі ў краіне было ўключанае ў парадак дня пасяджэння, якое праходзіла пад старшынствам Эштан.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, міністры замежных спраў краін ЕС збіраліся разгледзець магчымасць ужывання эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі, пра што на мінулым тыдні са спасылкай на крыніцу ў МЗС Літвы паведамляў сайт Delfi.

«Трэба ўстанавіць мэты такіх мер, мадальнасць і іх магчымае дзеянне. Таксама неабходна прадугледзець і выпадкі іх адклікання, калі сітуацыя ў Беларусі будзе мяняцца. Мы не ўхваляем тыя эканамічныя санкцыі, з-за якіх могуць пацярпець грамадзяне Беларусі», — цытаваў Delfi праект дакумента, падрыхтаванага літоўскім МЗС.

Пра тое, што ЕС рыхтуе санкцыі ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў, 10 сакавіка пісаў і брусельскі сайт EUobserver. Паведамлялася, што санкцыі будуць скіраваныя на прадпрыемствы, якія аказваюць фінансавую падтрымку беларускай наменклатуры: «Беларуськалій», «Белнафтахім», «Белтэхэкспарт» і «Трайпл». Як адзначалася ў публікацыі, санкцыі «закліканы нанесці ўрон дзяржаўным сродкам, што знаходзяцца ў распараджэнні Аляксандра Лукашэнкі, і яго асабістага прыбытку, але дазволяць пазбегнуць узрушэнняў для эканомікі краіны або шэрагу еўрапейскіх кампаній, якія маюць эканамічную зацікаўленасць у Беларусі».

Перад адкрыццём пасяджэння Савета ЕС Эштан выказала спачуванні сем’ям пацярпелых у выніку выбуху ў мінскім метро. «Мне таксама хацелася б адзначыць, што я паслала свае спачуванні сем’ям тых, хто страціў любімых ці быў паранены ў выніку трагедыі ў Беларусі», — заявіла яна, расказваючы журналістам аб праграме пасяджэння. Паводле слоў вярхоўнага прадстаўніка, ЕС будзе сачыць за гэтай сітуацыяй.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула