БЕЛ Ł РУС

Увосень пройдуць сумесныя беларуска-расійскія вучэнні

21.04.2011 / 00:18

У беларуска-расійскіх аператыўных вучэннях у верасні 2011 года будзе задзейнічана каля 12 тыс. ваеннаслужачых,
паведаміў журналістам міністр абароны Расіі Анатоль Сердзюкоў пасля пасяджэння сумеснай калегіі абаронных ведамстваў дзвюх дзяржаў у Мінску.

Паводле яго слоў,

сумесныя вучэнні пройдуць адначасова на Гарахавецкім палігоне ў Ніжагародскай вобласці і на палігоне Ашулук у Астраханскай вобласці.
Будзе задзейнічана больш чым 50 самалётаў і верталётаў, а таксама да 200 адзінак іншай баявой тэхнікі. Як адзначыў міністр, вучэнні дазволяць праверыць гатоўнасць сістэм кіравання і войскаў да выканання сумесных задач.

Сердзюкоў паведаміў, што ў 2011 годзе Расія завяршыла першы этап работ па рамонце і мадэрнізацыі зенітных ракетных сістэм С-300 Узброеных сіл Беларусі. Паводле яго слоў, дасягнута дамоўленасць аб пастаўках беларускай арміі «адпаведных зенітных ракетных сістэм у будучыні».

Як адзначыў міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін, падрыхтоўка да вучэнняў ідзе без зрываў. «Да верасня мы будзем гатовы да адпрацоўкі задач вучэнняў», — сказаў ён.

Паводле слоў Жадобіна, вынікі калегіі дазваляюць гаварыць аб тым, што «зроблены чарговы крок наперад у супрацоўніцтве дзвюх дзяржаў у ваеннай сферы». «На калегіі абмеркавана сем пытанняў. Асноўны блок тычыўся развіцця ўзаемадзеяння ў інфармацыйнай сферы, якая стала сёння магутным рычагом у рэалізацыі палітычных, эканамічных, духоўных, ваенных інтарэсаў любога грамадства і дзяржавы», — паведаміў міністр.

Члены калегіі падвялі вынікі мерапрыемстваў інфармацыйнага забеспячэння ваеннага супрацоўніцтва, абмеркавалі ход выканання плана стварэння аўтаматызаванай сістэмы інфармацыйнага абмену ўзброеных сіл Беларусі і Расіі.

Падведзены вынікі рэалізацыі комплекснай праграмы ваенна-навуковага супрацоўніцтва абаронных ведамстваў на 2007–2010 гады. Як паведаміў Жадобін, рэалізацыя праграмы дазволіла летась выканаць пяць ваенна-навуковых работ па праблемах ваеннай бяспекі, абароны, ваеннай тэорыі і практыкі.

Беларускія і расійскія ваенныя абмеркавалі перспектывы працягу рэалізацыі ў 2011-м і наступных гадах праграмы Саюзнай дзяржавы, якія тычыцца стварэння адзінай сістэмы тэхнічнага прыкрыцця чыгунак рэгіёну.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула