Пачаліся перамовы па аб'яднанні МАЗа і КАМАЗа
У Мінску 5 мая адбылася нарада ў межахбеларуска-расійскай рабочай групы па вывучэнні пытанняў магчымасці стварэння холдынгу аўтавытворцаў дзвюх краін, паведамілапрэс-служба ААТ «МАЗ».
З беларускага боку групу ўзначалілі гендырэктар МАЗа Аляксандр Бароўскі і першы намеснік міністра прамысловасці Іван Дземідовіч.
Паводле інфармацыі
Як паведамлялася раней, у лютым дзяржаўная карпарацыя «Растэхналогіі» адправіла кіраўніцтву Беларусі ліст з прапановай аб’яднаць ААТ «КАМАЗ» і ААТ «Мінскі аўтамабільны завод» у адну кампанію, у выніку чаго КАМАЗ стане ўладальнікам 100% акцый МАЗа, а ўлады Беларусі атрымаюць пакет акцый КАМАЗа. Асноўным акцыянерам КАМАЗа з’яўляюцца «Растэхналогіі» з доляй 49,9%, канцэрну Daimler належаць 11% акцый, «Тройцы Дыялог» — 27,26%, ЕБРР — 4%. МАЗ на 100% належыць дзяржаве.
4 сакавіка Аляксандр Бароўскі заявіў, што Беларусь будзе разглядаць пытанне стварэння холдынгу МАЗа як з групай ГАЗ, так і з КАМАЗам.
Паводле яго слоў, на імя беларускага прэзідэнта паступіла прапанова аб даверным кіраванні МАЗам з боку групы ГАЗ. Апрача таго, паступіла прапанова ад «Растэхналогій» пра абмен акцыямі МАЗа і КАМАЗа. Наконт гэтай прапановы адбылася рабочая сустрэча. Разглядаецца варыянт не продажу, а абмену акцыямі: 48% КАМАЗа на 48% МАЗа. «Мы ні ў якім выпадку не кажам пра продаж кантрольнага пакета», — зазначыў Бароўскі. Паводле яго інфармацыі, ствараецца рабочая група, якая і разгледзіць гэтыя прапановы.
Гендырэктар падкрэсліў, што МАЗ зацікаўлены ў стварэнні холдынгу. «МАЗ сёння адзін не зможа выжыць, нам трэба з кімсьці аб’ядноўвацца», — мяркуе Бароўскі. Ён падкрэсліў: паколькі 100% акцый МАЗа належаць дзяржаве, гэтае пытанне будзе вырашаць вышэйшае кіраўніцтва краіны.