БЕЛ Ł РУС

Здымаў на Плошчы? Можа «парнаграфію»?

16.05.2011 / 0:10

Гарадзенец Аляксей Салей, супрацоўнік часопісу «Magazyn Polski na uchodzstwie», абвешчаны ў вышук.

Гарадзенец Аляксей Салей, супрацоўнік часопісу «Magazyn Polski na uchodzstwie», абвешчаны ў вышук. Напачатку году яго выклікалі ў КДБ з нагоды яго знаходжаньня на Плошчы ў Менску 19 сьнежня 2010 г., затым правялі дома ператрус.

На сайце Гарадзенскага абласнога УУС зьявілася інфармацыя: «Аддзелам унутраных справаў адміністрацыі Ленінскага раёну Горадні расшукваецца Аляксей Салей, які абвінавачваецца ў зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 343 Крымінальнага кодэксу РБ «Выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў альбо прадмэтаў парнаграфічнага характару з выявай непаўнагадовых».

Калега Аляксея Салея, былы рэдактар часопісу «Magazyn Polski na uchodzstwie» Ігар Банцар бачыць у гэтай крымінальнай справе палітычны падтэкст. Ён нагадвае, што 12 студзеня КДБ правёў ператрус дома ў Салея, былі сканфіскаваныя хард-дыскі ды іншыя носьбіты інфармацыі. Яны шукалі фотавідэаматэрыялы з Плошчы, мяркуе Ігар Банцар, паколькі Аляксей сапраўды рабіў там здымкі. Мінуе чатыры месяцы і раптам узьнікае крымінальная справа супраць Салея, прычым яе распачынае не КДБ, а міліцыя, падкрэсьлівае Банцар.

Трэба зазначыць, што на Плошчу ў Менск Аляксей Салей езьдзіў разам з Андрэем Пачобутам, перш за ўсё ў якасьці кіроўцы. Яму ўдалося пазьбегчы арышту і вярнуцца дахаты. Пачобут, якога тады часова затрымалі, цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары гарадзенскай турмы, супраць яго вылучаны абвінавачаньні ў зьдзяйсьненьні абразы і паклёпу адносна прэзыдэнта.

Аляксей Салей у мінулым працаваў у гарадзенскай газэце «Пагоня», якая была закрыта Вышэйшым гаспадарчым судом пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула