Справу Пачобута перадалі ў суд. Дата разгляду пакуль невядома
Сёння стала вядома, што крымінальную справу супраць журналіста Андрэя Пачобута перадалі ў Ленінскі раённы суд Гродна, па месцы яго жыхарства. Дата разгляду пакуль невядомая. Ягопа-ранейшаму ўтрымліваюць у следчым ізалятары за сценамі турмы № 1.
Андрэй Пачобут — карэспандэнт польскай «Газэты выборчай». У аснове крымінальнай справы — публікацыі журналіста: восем з «Газэты выборчай» і дзве з Інтэрнэту — з сайта «Беларускі партызан» і «Жывога Журнала». Журналісту прад’яўлена абвінавачанне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса РБ — 368 (частка 1) — «абраза» і 367 (частка 1) — «паклёп» у адносінах да прэзідэнта. Па першым з іх прадугледжана пакаранне да двух гадоў зняволення, па другім — ад двух да чатырох гадоў.
У 2002 годзе ў Ленінскім райсудзе Гродна судзілі галоўнага рэдактара газеты «Пагоня» Міколу Маркевіча і журналіста Паўла Мажэйку, абвінавачаных у паклёпе на прэзідэнта. Іх пакаралі тэрмінамі абмежавання свабоды. Па абвінавачанні ў публічнай абразе прэзідэнта ў 2004 годзе ў гэтым жа судзе пакаралі зняволеннем лідараў прадпрымальніцкага руху Валерыя Леванеўскага і Аляксандра Васільева — кожнага на два гады.