БЕЛ Ł РУС

Гульня ў вайнушку: сёлета парад на 3 ліпеня пройдзе ў поўным аб'ёме

26.05.2011 / 09:29

Нягледзячы на неюбілейную дату, ваенны парад у Мінску 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці, адбудзецца ў поўным аб’ёме.

Як паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны, плануецца, што ў парадзе возьмуць удзел выхаванцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, курсанты Ваеннай акадэміі, ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ, ваеннаслужачыя 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, 85-й і 86-й брыгад сувязі, 38-й і 103-й асобных мабільных брыгад, транспартных войскаў, зборнай роты ганаровай варты, а таксама зборны аркестр Узброеных сіл.

Перад трыбунамі гледачоў пройдзе тэхніка часоў Вялікай Айчыннай вайны, асноўныя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі Узброеных сіл Беларусі. У небе над Мінскам жыхары і госці сталіцы змогуць убачыць авіяцыйную тэхніку Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны.

Варта адзначыць, што раней у такім складзе ваенны парад праводзіўся толькі па юбілейных датах: у 2009 годзе ў азнаменаванне 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у 2010-м — 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Перад гэтым арганізатары дзейства абмяжоўваліся ўдзелам у парадзе пешых калон.

Паводле інфармацыі прэс-службы Мінабароны, з 17 мая ў межах другога этапу падрыхтоўкі ў Мінскам гарнізоне праходзяць трэніроўкі пешых парадных разлікаў.

Генеральныя трэніроўкі парада плануецца правесці 28 і 30 чэрвеня.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула