БЕЛ Ł РУС

Саннікаў патрабуе правядзення другога тура выбараў пад міжнародным кантролем

30.05.2011 / 11:24

Пра гэта гаворыцца ў лісце, які ён даслаў на сайт charter97.org.

Кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў патрабуе правядзення другога тура прэзідэнцкіх выбараў пад міжнародным кантролем.

«Сёння Беларусь перажывае самы сур’ёзны крызіс за 20 гадоў сваёй незалежнасці, -зазначае Саннікаў у лісце, тэкст якога размешчаны на сайце charter97.org. — Цяжкая сітуацыя ў эканоміцы, валютна-фінансавай, сацыяльнай і палітычнай сферах з’яўляецца прамым вынікам беззаконня ўладаў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года».

«На жаль, апраўдваюцца самыя горшыя прагнозы развіцця сітуацыі ў Беларусі пасля выбараў. Утрыманне ўлады Лукашэнкам прывядзе нашу краіну да катастрофы. Няздольнасць цяперашняга рэжыму кіраваць Беларуссю была відавочная даўно і сёння праяўляецца ва ўсіх сваіх згубных наступствах. Далейшага росквіту „стабільнасці“ Беларусь не вытрымае», — упэўнены палітык.

«Як кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года я не прызнаю іх вынікаў і лічу іх сфальсіфікаванымі. Мяркую, што далейшае захаванне ў Беларусі цяперашняй улады і цяперашняй палітычнай сістэмы пагражае найцяжэйшымі наступствамі для краіны, і перш за ўсё — для дабрабыту грамадзян. Разам з тым я ўпэўнены, што сёння захоўваецца магчымасць выхаду з крызісу. <…>

Лукашэнку неабходна прызнаць, што 19 снежня 2010 года ён не набраў неабходных для перамогі 50 працэнтаў галасоў.
<…> Калі Лукашэнка ў стане адэкватна ўспрымаць рэальнасць і сапраўды лічыць, што ў яго ёсць падтрымка ў народзе, то прэзідэнцкія выбары неабходна завяршыць. Гэта верне ў Беларусь законнасць і спыніць катастрофу, якая набліжаецца», — піша Саннікаў.

Палітык заяўляе, што не складвае з сябе паўнамоцтваў кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і патрабуе правядзення другога тура прэзідэнцкіх выбараў пад міжнародным кантролем.

Андрэй Саннікаў, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі, 14 мая асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску 19 снежня 2010 года. Да разгляду касацыйнай скаргі Саннікаў знаходзіцца ў следчым ізалятары МУС № 1.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула