Ласі, на жаль, атакуюць
На працягу мінулага месяца пад Баранавічамі адбылася пяць аварый, прычынай якіх стала раптоўнае з’яўленне на дарозе лася.
На працягу мінулага месяца пад Баранавічамі адбылася пяць аварый, прычынай якіх стала раптоўнае з’яўленне на дарозе лася.
Усе сутыкненні былі зафіксаваныя на трасе Брэст—Мінск—мяжа РФ. Першая сустрэча жывёліны з транспартным сродкам адбылася 6 мая ў раёне Казлякевіцкай развязкі. «Лось раптоўна выбег на праезную частку, і кіроўца “джыпа”, які ехаў у бок Мінска, не паспеў зрэагаваць», — распавёў старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Баранавіцкага РАУС Аляксандр Яўцюхін. Жывёла загінула.
11 мая фура, якая таксама рухалася ў бок сталіцы, збіла лася непадалёк ад в. Вольна. 14 мая жывёліна апынулася пад коламі аўтамабіля «Сузукі Гранд Вітара».
А 19 мая на трасе адбыліся адразу два ДТЗ з удзелам гэтых дзікіх жывёл. У адным выпадку лось застаўся жывы і ўцёк у лес.
Па словах Аляксандра Яўцюхіна, на гэтым адрэзку трасы няма адмысловых знакаў, якія б папераджвалі аб магчымым з'яўленні дзікіх жывёл на дарозе, ды і такіх масавых «вылазак» ласёў на дарогу раней не назіралася.
«Тым не менш, праязджаючы міма ляснога масіва, кіроўцы павінны быць гатовыя да таго, што на дарозе могуць з'явіцца лясныя жыхары», — адзначыў ён.