БЕЛ Ł РУС

Улады Магілёва прапаноўваюць гараджанам даць назвы новым вуліцам

7.06.2011 / 10:30

Больш за 40 новых вуліц Магілёва, забудова якіх плануецца найбліжэйшым часам, могуць атрымаць назвы ў выніку акцыі, аб’яўленай Магілёўскім гарвыканкамам.

Як паведаміла галоўны спецыяліст сектара капітальнай забудовы аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама Вольга Бабовік, цяпер вядзецца праектаванне 31 вуліцы індывідуальнай забудовы ў раёне вёскі Гародшчына каля абласной бальніцы, а таксама каля дзясятка вуліц на месцы так званага «маркоўнага поля» ў раёне праспекта Шміта — вуліцы Сіманава.

«Грамадзяне могуць прапанаваць варыянты, а потым іх будзе разглядаць тапанімічная камісія. Калі ёй што-небудзь спадабаецца, то гэта будзе зацверджана», — сказала Бабовік.

Паводле яе слоў, найбольшы шанс у камісіі па тапаніміцы і ўвекавечанні гістарычнай і культурнай спадчыны Магілёва маюць назвы, якія нейкім чынам звязаны з мікратапанімікай месцаў, што забудоўваюцца. «У другую чаргу перавага аддаецца якім-небудзь гістарычным асобам ці гістарычным датам. Потым ідуць проста прыгожыя назвы», — растлумачыла галоўны спецыяліст.

Як адзначыла Бабовік, акцыя працягнецца каля двух месяцаў. У гарадскім аддзеле архітэктуры і горадабудаўніцтва спадзяюцца, што ў тэхнічных пашпартах новых дамоў ужо будуць указаны назвы новых вуліц.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула