Праз жорсткае абыходжанне з каровамі Аўстралія прыпыніць экспарт жывёлы ў Інданезію
Аўстралія заявіла аб прыпыненні экспарту буйной рагатай жывёлы на рынак Інданезіі пасля пратэстаў, якія пачаліся ў краіне праз відэазапіс, які сведчыць пра жорсткае абыходжанне з быдлам на інданезійскіх фермах.
Урад быў вымушаны прыпыніць экспарт на важным для Аўстраліі кірунку пад ціскам праваабаронцаў. Іх абурэнне выклікалі паказаныя на аўстралійскім тэлебачанні кадры, на якіх жывёлаў збівалі і калечылі да смерці на некаторых бойняй у Інданезіі.
Улады Аўстраліі прынялі рашэнне на паўгода прыпыніць пастаўкі жывёлы ў Інданезію. Урад разлічвае кампенсаваць страты экспартнай выручкі за кошт гандлю з іншымі краінамі, у тым ліку Блізкага Усходу. Пра гэта абвясціў міністр сельскай гаспадаркі краіны Джо Людвіг.
«Экспарт буйной рагатай жывёлы павінен грунтавацца на здольнасці абараніць здароўе жывёл. Экспарт у Інданезію адновіцца толькі тады, калі мы будзем упэўненыя, што індустрыя ў стане выканаць гэтае патрабаванне», — заявіў міністр.
Аўстралія экспартуе каля 500 тысяч галоваў буйной рагатай жывёлы ў Інданезію. Гэта 60% усяго аб’ёму экспарту. Аўстралія і Бразілія з’яўляюцца найбуйнейшымі экспарцёрамі буйной рагатай жывёлы.