БЕЛ Ł РУС

Сірыйцы адказалі на новыя абяцанкі Асада пратэстамі

21.06.2011 / 10:02

Прэзідэнт Сірыі Башар аль-Асад у панядзелак паабяцаў сірыйцам магчымасць змены канстытуцыі і хуткага пачатку «нацыянальнага дыялогу», але жыхары, якія патрабуюць рашучых пераменаў, не паверылі чарговым абяцанням уладаў і высыпалі на вуліцы Дамаска і іншых гарадоў.

Асад паабяцаў сфармаваць камісію, якая разгледзіць пытанне магчымай змены канстытуцыі, і падаць усе магчымыя каментары ў найбліжэйшы месяц. Прэзідэнт таксама сказаў, што папросіць Міністэрства юстыцыі падумаць аб падаўжэнні нядаўна абвешчанай амністыі.

Сірыйцы пратэстуюць ужо трэці месяц, і сутыкненні прыводзілі да кровапраліцця. Новая порцыя абяцанак зверху спарадзіла рэзкі пратэст.

«Не — дыялогу з забойцамі», — скандаваў натоўп з 300 чалавек у прыгарадзе Дамаска Ірбіне, паведаміў Reuters відавочца па тэлефоне.

Прэзідэнт пайшоў на шэраг саступак пад уплывам вулічных выступаў. У канцы сакавіка ён сфармаваў новы ўрад, а ў красавіку адмяніў дзейны ў краіне 48 гадоў рэжым надзвычайнага становішча.

На мінулым тыдні стрыечны брат прэзідэнта — магнат Рамі Махлуф абвясціў аб сваім сыходзе з бізнэсу, што таксама можна расцаніць як сур’ёзную саступку ўлады дэманстрантам, якія пастаянна выкрыквалі імя Махлуфа на мітынгах супраць карупцыі.

Але праціўнікі рэжыму Асада абяцаюць пакінуць вуліцы толькі калі ўлады наважацца і на іншыя дэмакратычныя пераўтварэнні.

Дэманстрацыі з патрабаваннямі пашырэння свабодаў і адстаўкі Асада-малодшага, які кіруе краінай 11 гадоў, пачаліся ў Сірыі ў сакавіку на хвалі рэвалюцыйнай «арабскай вясны». Улады жорстка душылі антыўрадавыя выступы, што прывяло да ахвяраў сярод пратэстоўцаў, паліцыянтаў і вайскоўцаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула