БЕЛ Ł РУС

Харкавец і Снапкоў абмяркоўваюць з інвестарамі ў Германіі і Аўстрыі сітуацыю ў беларускай эканоміцы

21.06.2011 / 10:56

Міністр фінансаў Андрэй Харкавец і міністр эканомікі Мікалай Снапкоў 20–21 чэрвеня праводзяць у Германіі і Аўстрыі сустрэчы з замежнымі інвестарамі, на якіх абмяркоўваецца сітуацыя ў эканоміцы Беларусі.

Як паведамляецца ў прэс-рэлізе Міністэрства фінансаў Беларусі, «падчас працы, што праводзіцца на міжнародных фінансавых рынках», Харкавец і Снапкоў сустрэнуцца з прадстаўнікамі банкаўскіх і экспартна-крэдытных агенцтваў Аўстрыі і Германіі, інвестарамі, у тым ліку трымальнікамі беларускіх еўрабондаў.

Паводле звестак Мінфіна, мэтай сустрэч «з’яўляецца абмеркаванне сітуацыі ў эканоміцы Беларусі і дзеянняў па яе стабілізацыі». «Будуць таксама разгледжаны пытанні ўстанаўлення лімітаў страхавой кампенсацыі па праектным фінансаванні, якое даецца банкамі Аўстрыі і Германіі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Варта зазначыць, што з такімі мэтамі Харкавец і Снапкоў ужо знаходзіліся ў Вене і Франкфурце-на-Майне 12–16 красавіка гэтага года. Пастановай урада з імі тады быў таксама камандзіраваны першы намеснік кіраўніка Нацбанка Юрый Алымаў.

Міністэрства фінансаў яшчэ ў канцы сакавіка зрабіла спробу супакоіць інвестараў.
Нагадаўшы ў сваім афіцыйным паведамленні аб узмацненні грашова-эканамічнай палітыкі, прадстаўнікі міністэрства зазначылі, што «запланаваныя абмежаванні не закранаюць расходы на абслугоўванне і пагашэнне дзяржаўнага доўгу. Згаданыя плацяжы забяспечаны ў поўным аб’ёме асігнаваннямі рэспубліканскага бюджэту і валютнымі рэзервамі на рахунках Міністэрства фінансаў».

У Мінфіне асабліва падкрэслівалі, што «плацяжы па абслугоўванні і пагашэнні дзяржаўнага доўгу Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца першачарговымі ў адносінах да іншых плацяжоў пры выкананні рэспубліканскага бюджэту».

Падчас сустрэч з экспертамі місіі МВФ, якая знаходзілася ў Мінску 1–13 чэрвеня, прадстаўнікі ўрада і Нацбанка гарантавалі, што краіна ў стане своечасова абслугоўваць знешні доўг. «Ад урада і Нацыянальнага банка на наш адрас ідуць запэўніванні, што доўг будзе пагашацца, і ёсць сур’ёзныя перадумовы, якія дазваляюць у гэта паверыць. Існуюць аб’ектыўныя фактары, якія дазваляюць у гэта паверыць. Знешні доўг Беларусі кіраваны, як і графік плацяжоў», — сказаў на брыфінгу 13 чэрвеня кіраўнік місіі МВФ Крыс Джарвіс.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула