БЕЛ Ł РУС

3 ліпеня парад адкрыюць расійскія дэсантнікі

28.06.2011 / 9:36

3 ліпеня парад у азнаменаванне Дня незалежнасці ў Мінску фактычна адкрыюць расійскія дэсантнікі.
Іх парадны разлік пройдзе следам за барабаншчыкамі Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча. Прадстаўнікі 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой Чарнігаўскай Чырванасцяжнай дывізіі прыбудуць у Мінск 30 чэрвеня.

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 27 чэрвеня ваенны камендант Ваеннай камендатуры Узброеных сіл Беларусі палкоўнік Анатоль Грыцаў, «правілы міжнароднага этыкету і ваеннага таксама гавораць аб тым,

што госць ідзе на самым ганаровым месцы».
«Таму тут мы зыходзім толькі з таго, што гэта нашы ганаровыя госці. 9 мая мінулага года ў нас удзельнічалі два парадныя разлікі — Расійскай Федэрацыі і Украіны. Яны таксама адкрывалі парад. Таму я тут абсалютна ніякай падаплёкі не бачу. Гэта павага да госця», — сказаў Грыцаў, адказваючы на пытанне, як расцэньваць той факт, што прадстаўнікі ўзброеных сіл замежнай дзяржавы адкрываюць парад у гонар Дня незалежнасці Беларусі

Ён паведаміў, што ў пешым строі параду пройдуць больш за 3,9 тыс. ваеннаслужачых.

Пры гэтым колькасць парадных разлікаў у параўнанні з мінулымі гадамі ўзрасла ў паўтара разу.

Механізаваная калона будзе складацца з 16 парадных разлікаў. На чале яе пойдзе тэхніка часоў Вялікай Айчыннай вайны: танкі БТ-7 і Т-34, а таксама самаходная ўстаноўка Су-100. Затым будзе прадэманстравана ўзбраенне беларускай арміі: танкі Т-72Б, баявыя машыны пяхоты БМП-3, бронетранспарцёры БТР-80, проціватанкавыя комплексы «Штурм-З», артылерыйскія сістэмы «Акацыя», «Гіяцынт» і «Мста-С», рэактыўныя сістэмы залпавага агню «Град» і «Смерч», ракетныя комплексы «Кропка-У», зенітныя ракетна-гарматныя комплексы «Тунгуска», зенітныя ракетныя комплексы «Аса», Бук», С-300ПС і С-300В.

Упершыню на парадзе ў Мінску будуць прадстаўлены зенітныя ракетныя комплексы «Панцыр-С», якія знаходзяцца на ўзбраенні расійскай арміі. Паводле слоў Грыцава, чатыры такія ЗРК узначаляць калону баявой тэхнікі ВПС і войскаў СПА Беларусі. «Панцыры» разам з машынай суправаджэння прыбылі ў Беларусь сваім ходам у мінулыя выхадныя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула