БЕЛ Ł РУС

Кебіч: «Беларускі «эканамічны цуд» не адбыўся

5.07.2011 / 11:01

Экс-прэм'ер кажа, што яму сорамна за Пракаповіча і прыкра, што людзей цяпер глушыць страх.

Былы прэм’ер-міністр заявіў, што беларускі «эканамічны цуд» не адбыўся.

Нагадаем, што Вячаслаў Кебіч узначальваў урад БССР, а затым Рэспубліку Беларусь у 1990—1994 гг. Прайграўшы на прэзідэнцкіх выбарах, ён пазбавіўся пасады.

Пасля адстаўкі экс-кіраўнік урада перамясціўся на пасаду старшыні Беларускага гандлёва-фінансавага саюза. Як расказаў Кебіч у сваёй кнізе «Спакуса ўладай», некаторы час ён знаходзіўся «пад каўпаком»: «Гады паўтара-два пасля адстаўкі за мною па пятах хадзіла наружка. Я і сам без цяжкасці выяўляў яе. Ды і верныя людзі ў спецслужбах іншы раз тэлефанавалі, папярэджвалі:

— Падчас заўтрашніх перамоваў, Вячаслаў Францавіч, не кажыце нічога лішняга — будзем запісваць вашыя гутаркі.

Было б што запісваць!

Не раз рабіліся і спробы дыскрэдытаваць мяне…»

Аднак неўзабаве Аляксандр Лукашэнка пераканаўся ў лаяльнасці былога суперніка на прэзідэнцкіх выбарах. Вячаслаў Кебіч атрымаў месца ў палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу першага склікання і затрымаўся там на два тэрміны. А нядаўна Лукашэнка павіншаваў яго з 75-годдзем: «Вы ведаеце цану слову, заўсёды робіце ўсё, што ад Вас залежыць, каб прынесці карысць нашай дзяржаве і беларускаму народу…»

Дарэчы, пра словы. У вышэйзгаданай кнізе Кебіча хапае кампліментарных пасажаў у адрас кіраўніка краіны, але і свайго кшталту падколак таксама нямала. А нядаўна былы прэм’ер-міністр даў інтэрв’ю часопісу Sexus. І там не абышлося без даволі жорсткай крытыкі цяперашніх уладаў.

— У пачатку 1990-х гг. у народзе пераважала зухаватая свабода, а цяпер — страх, — лічыць Вячаслаў Кебіч. — Мне вось пра салігорскіх шахцёраў расказвалі, пра трактарны завод: маўляў, збіраліся страйкаваць, заклікі пайшлі выйсці на вуліцы 3 ліпеня.

Але нічога не будзе — людзей цяпер глушыць страх.
(Інтэрв’ю было апублікаванае да Дня вызвалення Беларусі).

Экс-кіраўнік урада лічыць, што трэба выпускаць тую прадукцыю, якая карыстаецца попытам, а бесперспектыўныя заводы варта закрыць. Але ён не верыць, што ў найвышэйшага кіраўніцтва Беларусі адбудзецца рынкавы ўхіл у свядомасці.

— Мне сорамна, калі людзі тоўпяцца ля абменнікаў або змятаюць тавар з паліцаў крамаў, — сказаў Кебіч. — 

Яшчэ мне сорамна за галоўнага банкіра Пракаповіча.
Хіба можна на ўсю краіну заяўляць: «Пакуль я кіраўнік Нацбанка, я вам заяўляю, што курс даляра будзе стаяць на месцы — у межах калідора плюс-мінус 5%». Ён жа бачыў, што нічога такога і ў памоўцы няма. Ну нельга вось так з народам жартаваць! Калі які-небудзь кіраўнік заяўляе «так», значыць, будзе «не».
«Беларускі «эканамічны цуд» не адбыўся,
 — рэзюмаваў Кебіч. — Зрэшты, не выцягвайце з мяне больш нічога… Мне ўжо 75 гадоў…»

Аляксандру Лукашэнку, які так высока шануе словы былога прэм’ер-міністра, варта прыслухацца да прысуду, які той вынес «унікальнай эканамічнай мадэлі».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула