БЕЛ Ł РУС

З 28 ліпеня румынская віза будзе каштаваць $90, групавыя візы адмяняюцца

13.07.2011 / 16:08

Як паведамілі ў пасольстве Румыніі ў Мінску, у сувязі з уваходжаннем Румыніі да 2012 года ў Шэнгенскую зону з 28 ліпеня адмяняюцца групавыя візы. З гэтага часу за візу ў Румынію беларускія турысты будуць плаціць як за індывідуальную візу — 90 даляраў.

Нагадаем, што з 1 чэрвеня 2009 года кошт афармлення візы для турыстаў, якія накіроўваюцца ў Румынію ў складзе арганізаванай групы, складала €1 на чалавека. Пры гэтым на кіраўніка турыстычнай групы віза афармлялася за €60.

У турыстычных фірмах асцерагаюцца, што рэзкае і нечаканае павышэнне кошту румынскіх віз балюча ўдарыць па продажах тураў у гэтую краіну.

«Румынія заўсёды ўспрымалася як бюджэтны кірунак, — распавядае Наталля Бугаёва, дырэктар кампаніі „КолорЛэнд“. — З увядзеннем міграцыйных запрашэнняў яно ўжо адчула адток не толькі беларускіх турыстаў, але і тураператараў — занадта складана стала працаваць. У гэтым годзе Беларуская чыгунка пайшла насустрач беларускім турфірмам і зноў пусціла вагоны на Костанцу — і таксама, хутчэй за ўсё, панясе страты. Вядома, мы прыкладзём усе намаганні, каб апавясціць сваіх турыстаў аб новых правілах, але многія з іх, хутчэй за ўсё, ужо не паспеюць зарыентавацца. Тэрмін афармлення румынскай візы — 10 дзён, таму на атрыманне групавых віз засталося не так ужо шмат часу. Сезон і так вельмі цяжкі, туры прадаюцца ў асноўным на бліжэйшыя даты, і нечаканае павелічэнне кошту віз можа прывесці да таго, што турысты зусім адмовяцца ад планаў паехаць у Румынію. Аўтобусныя ланцужкі, блокі месцаў у гатэлях — за ўсё гэта турфірмы ўжо заплацілі, і невядома, ці здолеюць яны пакрыць гэтыя выдаткі. Асабліва могуць пацярпець буйныя тураператары, якія загружаюць у Румынію некалькі ланцужкоў. У нас ён толькі адзін, большасць месцаў раскуплена, таму новаўвядзенне на нашых продажах адаб’ецца не так моцна».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула