БЕЛ Ł РУС

Рымашэўскі заклікае міжнародную супольнасць не выдаваць Беларусі палітуцекачоў

18.07.2011 / 16:02

Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі заклікае міжнародную супольнасць не выдаваць беларускім уладам палітычных бежанцаў.

На прэс-канферэнцыі ў Мінску 18 ліпеня Рымашэўскі паведаміў, што заўтра ў Беластоку (Польшча) пройдзе чарговае судовае пасяджэнне па справе актывіста беларускай апазіцыі Андрэя Жукаўца, які вымушаны быў з’ехаць з Беларусі ў Польшчу яшчэ ў 1999 годзе. «Існуе вялікая верагоднасць таго, што Жукавец у выніку будзе экстрадаваны ў Беларусь, бо ў яго няма статусу палітычнага бежанца», — сказаў палітык.

Паводле слоў Рымашэўскага, беларускія ўлады пераследуюць Жукаўца за тое, што яго фірма займалася вырабам агітацыйных матэрыялаў апазіцыйных партый і недзяржаўных арганізацый. «Сёння апазіцыйныя сілы знаходзяцца ў складаным фінансавым стане. Улады пераследуюць тых, хто дапамагае апазіцыі. Экстрадыцыя Жукаўца ў Беларусь стане трывожным званком для тых, хто яшчэ падтрымлівае дэмакратычныя арганізацыі», — лічыць палітык.

Экстрадыцыя, паводле меркавання Рымашэўскага, пагражае і іншым беларусам, якія не маюць афіцыйнага статусу палітычнага бежанца. Палітык, у прыватнасці, назваў кіраўніка аргкамітэта па стварэнні руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка і Юрыя Карэтнікава, старшыню ліквідаванай беларускімі ўладамі арганізацыі «Правы альянс», якія пасля прэзідэнцкіх выбараў мінулага года з’ехалі ў Кіеў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула