БЕЛ Ł РУС

Багданкевіч пракаментаваў прызначэнне Ермаковай

28.07.2011 / 08:21

Прызначэннем Надзеі Ермаковай на пасаду кіраўніка Нацыянальнага банка ўлады прадэманстравалі намер працягваць палітыку адміністрацыйнага кіравання, заявіў БелаПАН былы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч

«Думаю, што прызначэнне Ермаковай — гэты стопрацэнтны працяг той палітыкі, якой улады дагэтуль прытрымліваліся. Гэта значыць ручное кіраванне, выкарыстанне друкаванага станка», — сказаў Багданкевіч.

Ён падкрэсліў, што ў такіх умовах кіраўнік Нацбанка — «пасада архізалежная, таму што кар’ера стопрацэнтна залежыць не ад якіх-небудзь добрых якасцяў, а ад адной асобы, ад жадання Лукашэнкі мець на гэтай пасадзе свайго чалавека, паслухмянага, які б выконваў любыя рашэнні».

Багданкевіч лічыць, што Лукашэнка убачыў у Ермаковай менавіта такога чалавека. Пры гэтым былы кіраўнік Нацбанка ўсумніўся ў тым, што

прафесійныя якасці Надзеі Ермаковай поўнасцю адпавядаюць новай пасадзе.
«Гэты чалавек не займаўся макраэканомікай. А старшыня Нацбанка — гэта найперш макраэканаміст, які глыбока ведае сутнасць грошай, валодае пытаннямі рэгулявання эканамічнымі, а не адміністрацыйнымі метадамі. Так што гэта таксама гаворыць аб тым, што ў наяўнасці — прызначэнне свайго чалавека», — заявіў Багданкевіч.

«Можа быць, цяперашняя сітуацыя чаму-небудзь навучыла ўлады, але ў мяне вялікія сумненні наконт гэтага», — сказаў ён

Фінансавы аналітык Сяргей Чалы адзначыў, што «з пункту гледжання прытрымлівання палітыкі партыі прызначэнне Ермаковай на пасаду кіраўніка Нацбанка чаканае». «Гэта выбар не на карысць таго, што трэба штосьці рабіць, а на карысць таго, што рабіць нічога не трэба», — лічыць эксперт.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула