БЕЛ Ł РУС

«Я знаходжу спонсараў — нагамі, галавой, рукамі!»

24.08.2011 / 02:20

крычала былая намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі на паседжанні НАК.

«Я знаходжу спонсараў — нагамі, галавой, рукамі!» — крычала былая намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі на паседжанні НАК.

У іншыя, нашмат шчаслівейшыя часы, уцечка інфармацыі на тэму фінансавання спорту адбывалася, як правіла, выпадкова, праз чый-небудзь недагляд. Учора раптам паўадкрыта загаварылі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце, паведамляе «Прэсбол».

Ніхто з чальцоў выканкама НАКа, якія сабраліся апоўдні на планавае паседжанне, не чакаў пачуць такое. Ды і каму было казаць? Кіраўнік федэрацыі плавання Уладзімір Белахвостаў, які страціў нядаўна пасаду міністра ЖКГ, няхай разглядалася і яго пытанне («Пра стан і перспектывы развіцця плавання»), у адпачынку. Старшыня федэрацыі фрыстайлу Анатоль Сверж прыйшоў, мабыць, толькі з павагі, бо алімпійскае золата Ванкувера крычыць само за сябе. А Наталля Пяткевіч… Ніхто б не здзівіўся, калі б былы намеснік старшыні адміністрацыі Лукашэнкі праігнаравала, прамаўчала ці абмежавалася збітымі ісцінамі. Для праформы памучылі б яе, што да гэтага часу ўзначальвае Беларускі лыжны саюз, падступнымі пытаннямі. Аднак пытлю раптам дала сама Пяткевіч.

Гэта адбылося хвілін праз дзесяць пасля таго, як яна выйшла да трыбуны. Спакойна паразважаўшы пра рэчы ў прынцыпе агульнавядомыя, Пяткевіч завяла гаворку пра горныя лыжы, куратарства над якімі ёй, трэба так разумець, даручыў прэзідэнт. І эмацыйны напал раптам узляцеў да нябёсаў:

— Паколькі вынік у гэтым спорце ўжо занадта аддалены, мы не ставім асаблівых пытанняў па матэрыяльным забяспечанні. Міністэрства спорту, дзякуй, усё, што можа, вылучае. На гэты год — 100 мільёнаў. Але мы ўсе разумеем, што па рэальным курсе валюты гэта наогул нічога. Ну і не кажучы пра тое, што ўсе замежныя спецыялісты, а таксама спартоўцы, якіх мы запрасілі з Расіі, атрымліваюць зарплату ў валюце. Грошы гэтыя мы шукаем самі, і іх трэба вельмі шмат, таму і хачу падняць наступнае пытанне.

Сёлета мы ўпершыню сутыкнуліся з каласальнай праблемай. Я пра грашовыя сродкі, якія мы даем, скажам, па нашых кантрактах прадстаўніцтву НАКа. Мы збольшага нармальна глядзелі на тое, што адціскаюць 15% ад даванага. Так, ёсць пэўныя ўмовы.

Мала таго што я знаходжу спонсараў — нагамі, галавой, рукамі — усё роўна з мяне бралі 15%. Ну добра, я згодная. Аднак сёння з мяне бяруць 30! Але, хлопцы, пагоны ва ўсіх вялікія, ідзіце шукайце сабе гэтыя грошы.
Аднак другая праблема — я іх узяць не магу!..

НАК — гэта чыноўнікі! Маю на ўвазе прадстаўніцтва НАКа. Я збіраю гэтыя грошы не вам — на спорт! Хлопцы, я вам у наступным годзе ніводнага кантракта не дам! Мне сёння прадстаўніцтва НАКа віннае 360 мільёнаў!

Калі б я ведала, ні капейкі сюды не прынесла б! І не прынясу вам у наступным годзе! Чаго ў мяне іх забіраць?! Ну, дык мы будзем знаходзіць іншымі спосабамі, калі вы наогул нічога… Вы бралі 15% наогул ні за што, абсалютна!

Кажу не таму, што вельмі сябе люблю і гэтак далей. Любы іншы на маім месцы…

Ну, вазьміце свае 15% — на паперку, на зарплату, на замежную камандзіроўку. Астатняе мне аддайце — нам у спорт трэба!
Але вось тое, што нечакана адбылося цяпер, — «падатак» з мяне за паўгода з 15% павялічылі да 30 і нават з 30 мне не даюць — гэта злачынства! Прычым вы разумееце, што ўсё курыруюць — па ўпраўленнях фізкультуры, па Мінспорту. Мы жывем толькі на спонсарскія грошы, і вы ў мяне іх проста крадзяце.
Вы паглядзіце: на заробках у нас у федэрацыях сядзяць, працуюць адзін-два чалавекі — і ўсё. Мы ўжо сутачныя спартоўцам не даем. Я вам шчыра скажу, не выконваем заканадаўства,
спынілі даваць сутачныя ў дарозе — таму што няма грошай. Сёння збор у 5 тысяч еўра — гэта рэальна збор у 7 тысяч, а тое і ў 10, па курсе Нацбанка. Таму пра што мы гаворым? Давайце гэтае пытанне нейкім чынам вырашаць, таму што, яшчэ раз паўтару, у наступным годзе будзе дрэнна ўсім. Я не буду больш займацца пошукам спонсараў. Вы павінны разумець, што калі вы іх не можаце знайсці і забіраеце ў мяне грошы, значыць, вы іх не знойдзеце і ў наступным годзе.
Пакуль Пяткевіч не скончыла гарачы спіч, ніхто не рызыкнуў яе перабіць.
Толькі калі памочнік прэзідэнта Ігар Заічкоў прапанаваў задаваць пытанні, віцэ-прэзідэнт НАКа Генадзь Аляксеенка вырашыў удакладніць: «Наталля Уладзіміраўна, я не вельмі зразумеў па прадстаўніцтве». Выявілася, што гаворка пра прадстаўніцтве НАКа ў Мінску.

Тут засядаюць, мабыць, спецыяльна для прэсы, паспяшаліся патлумачыць сітуацыю са славутымі працэнтамі: маўляў, самі разумееце, падаткі, туды-сюды. Хоць кантэкст эмацыйнага выступу Пяткевіч, што відавочна, высвеціў зусім іншую сутнасць справы. Тым больш што ў аглядыным перыядзе ні па адным падатку з 15 да 30 працэнтаў стаўка не змянялася. Не дзіва, што выканкам хуценька змяніў небяспечную тэму.

Зрэшты, яе яшчэ будуць падымаць у кулуарах НАКа, бо папраўку ў пастанову — пра 360 мільёнаў доўгу — унеслі. Пра гэта Заічкоў даў указанне дарадцу НАКа Яраславу Барычку. Таму гарналыжнікі, што практычна бязвыезна трэніруюцца на аўстрыйскіх схілах, трэба меркаваць, хутка атрымаюць свае сутачныя. А працэнты… Без іх жа нікуды, нават у спорце.

А з чаго будзе аплачвацца экіпіроўка будучых алімпійцаў? Яе ўзоры прадэманстраваў «Цэнтр моды» канцэрна «Беллегпрам». Чырвоная кашуля ў камплекце са светлым касцюмам не пакінула абыякавым і генеральнага сакратара НАКа Георгія Катуліна, які ўсхвалявана запытаўся пра якасць тканіны:

«У нас засталіся вельмі цёплыя ўспаміны пасля Пекіна, калі пасля цырымоніі адкрыцця, зняўшы гэтыя кашулі, мы ператварыліся ў індзейцаў».
Аляксеенка наогул прапанаваў не марнаваць грошы на парадныя касцюмы для спартоўцаў і трэнераў: маўляў, «пашыць нармальныя» толькі для афіцыйных асобаў, а астатнія хай ідуць на парадзе ў спартыўнай форме. Міністр Алег Качан запярэчыў: «А сустрэчы з прэзідэнтам?» Але, мабыць, чаша вагаў усё-ткі схілілася ў бок прапановы Аляксеенкі пасля таго, як была агучаная цана параднага і паўсядзённага камплектаў (уключаючы шкарпэткі і сумкі) ад «Цэнтра моды» — тысяча даляраў.

Паводле словаў Катуліна, быў варыянт з вядомай кампаніяй «Форвард», аднак «калі паўстала пытанне аб падпісанні кантракту, расійцы прапанавалі непрымальныя ўмовы фінансавага характару». Так што цяпер НАК лічыць неабходным шыць на тых жа фабрыках, дзе выраблялі экіпіроўку да Ванкувера: у Кітаі, Ганконгу і ААЭ. Заічкоў сумна падагульніў: «Ёсць узоры, дызайн, але пакуль няма рэальнага спонсара. Значыць, будзем аплачваць самі».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула